Ва Ушацкім раёне авіятары МНС усталявалі помнік на магіле Рыгора Барадуліна

памятник
Работнікі авіяцыі МНС Беларусі даставілі валун вагой 2,5 тоны на магілу Рыгора Барадуліна. Магіла размешчана ў сярэдзіне могілак і даставіць велізарны камень можна было толькі па паветры.

Складаную задачу выконвалі каля дзесяці спецыялістаў, большасць дапамагала экіпажу верталёта з зямлі, таму што дрэвы цалкам засланялі агляд, паведамляе МНС Беларусі.

Супрацоўнікі МНС таксама ўручную перанеслі больш за 800 вёдраў цэменту, каб зладзіць падмурак для магілы

Як распавёў Глеб Лабадзенка, член Саюза беларускіх пісьменнікаў, праца над помнікам вялася паўгода. На ім скульптар Ігар Засiмавiч высек крыж Еўфрасінні Полацкай. Так як на магіле маці паэта напісана “Мама Акуліна Андрэеўна Барадуліна”, то на валуне змясцілі надпіс “Сын Рыгор Барадулін”.

Валун выбралі пад Вушачамі, у вёсцы Кублічы, дзе вучыўся Васіль Быкаў.

Ўстаноўка валуна – гэта выкананне волі самога Рыгора Іванавіча. Пра гэта ён напісаў у 1995 годзе ў вершы “Прашэнне”: “Калі я адыду, пастаўце мне валун сівы i крыж на валуне”.

 

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі