Арганізатар тэрактаў у Парыжы вучыўся ў прэстыжнай бельгійскай школе і займаўся рабаваннямі

абдудПаліцыя і спецслужбы Францыі, якія расследуюць тэракты ў Парыжы 13 лістапада, дапускаюць, што 27-гадовы бельгіец мараканскага паходжання Абдэльхамід Абуауд, які, як мяркуецца, стаіць за нападамі на парыжанаў, цяпер знаходзіцца ў Сірыі.

Таксама ў міжнародны вышук аб’яўлены Салах Абдэльслам – брат тэрарыста-смяротніка Брахіма Абдельсама, які падарваўся падчас тэракта, і таксама яго ўдзельнік, паведамляе ВВС.

Абуауд наведваў адну з лепшых бельгійскіх школаў Saint-Pierre d’Uccle, аднак менавіта ў раёне Маленбека – прыгарада Бруселя, дзе ён жыў, ён трапіў пад уплыў ідэяў радыкальнага ісламу, пазнаёміўшыся, у тым ліку, з Мехдзі Нямушам, які расстраляў наведвальнікаў габрэйскага музея ў Брусэлі. Яшчэ раней ён заняўся рабаваннямі – у 2010 годе Абуауд і Абдэльслам знаходзіліся ў бельгійскай турме за ўзброенае рабаванне. У 2013 годзе Абуауд уступіў у шэрагі “Ісламскай дзяржавы”.

Бельгійскія ўлады мяркуюць, што менавіта Абдэльхамід Абуауд стварыў і фінансаваў тэрарыстычнае вочка ў горадзе Верв’е на ўсходзе Бельгіі, выкрытае паліцыяй у студзені.

На старонках англамоўнага часопіса “Дабік”, які выпускаецца ІДІЛ, Абуауд распавядаў пра свой удзел у дзейнасці ісламістаў у Верв’е, а таксама паведамляў, што ён і яшчэ два яго паплечнікі таемна вярнуліся ў Бельгію, каб рыхтаваць “напады на крыжакоў”.

“Спецслужбы ведалі мяне, бо раней ўжо саджалі мяне ў турму. Аднойчы мяне нават спыніў паліцэйскі і параўноўваў мой твар з фатаздымкам, але адпусціў, не знайшоўшы падабенства. Гэта быў падарунак Алаха”, – распавядаў Абуауд на старонках часопіса. Да апошняга часу спецслужбы меркавалі, што ён знаходзіцца ў Сірыі ў шэрагах “Ісламскай дзяржавы”.

Мяркуецца, што Абуауд меў дачыненне да няўдалых тэрактаў у хуткім цягніку на поўначы Францыі і ў касцёле ў французскім мястэчку Вільжуіф.

У прапагандысцкім відэароліку ІДІЛ, знятым у мінулым годзе, Абуауд прысутнічае ў аўтамабілі, які перавозіць знявечаныя целы.

Абуауд угаварыў далучыцца да яго свайго 13-гадовага брата. Бацька Абуауда іміграваў з Марока, у Бельгіі утрымліваў лаўку.

Брахім Абдэльслам, які падарваў сябе, і яго брат Салах Абдэльслам, які знаходзіцца ў вышуку, за шэсць тыдняў да трагедыі прадалі свой бар у Бельгіі.

Траціну насельніцтва Маленбека складаюць мусульмане, частка іх не працуе і жыве на сацыяльную дапамогу. Мясцовае насельніцтва ставіцца да імігрантаў абыякава, міністр унутраных справаў Бельгіі прызнаў, што не кантралюе Маленбек, а валонская і фламандская паліцыя там часта перашкаджаюць адна адной.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі