Мінскія ўлады забаранілі публічнае чытанне Бібліі ў парку

луканін

Мінскі гарвыканкам забараніў правядзенне 20 лістапада ў парку імя Максіма Горкага публічнае чытанне Бібліі. Такі адказ гарадскіх уладаў за подпісам намесніка старшыні гарвыканкама, першага сакратара ЦК Кампартыі Беларусі Ігара Карпенкі атрымаў ініцыятар акцыі, юрысконсульт царквы хрысціян Поўнага Евангелля «Новае Жыццё» Сяргей Луканін.

Мэтай мерапрыемства была названая папулярызацыя тэкстаў Святога Пісання, хрысціянскіх каштоўнасцяў. «Дадзенае мерапрыемства не будзе з’яўляцца набажэнствам, не нясе мэтай адпраўленне рэлігійных абрадаў, здзяйсненне рэлігійных рытуалаў і цырымоній», – адзначалася ў заяве.

На гэта першы сакратар ЦК КПБ адказаў, што ў Беларусі «набажэнствы, рэлігійныя абрады, рытуалы і цырымоніі бесперашкодна праводзяцца ў культавых будынках, збудаваннях і на тэрыторыях, якія адносяцца да іх, у іншых месцах, прадастаўленых рэлігійным арганізацыям для гэтых мэтаў, у месцах паломніцтва, на могілках і ў крэматорыях».

«На падставе выкладзенага Мінскі гарвыканкам не дазваляе правядзення названага мерапрыемства на тэрыторыі Цэнтральнага дзіцячага парку ім.М.Горкага», – адзначыў Ігар Карпенка.

У выпадку немагчымасці правядзення мерапрыемства ў паказаным месцы ў паказаны час, Сяргей Луканін прасіў паведаміць іншае месца і час, дзе ён магу б у Мінску праводзіць аналагічнае мерапрыемства. На гэта галоўны камуніст Беларусі яму адказаў, што «вызначэнне даты, часу і месца правядзення масавага мерапрыемства» з’яўляецца абавязкам заяўніка, а таму просьба юрысконсульта «Новага Жыцця» «з’яўляецца неабгрунтаванай».

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі