Тэракты ў Парыжы: каму гібель людзей можа прынесці бонусы?

ле пэн

Уражанні і становішча людзей, якія жывуць у Еўрапейскім саюзе, з прычыны серыі тэрактаў у Францыі можна ахарактарызаваць як некаторую разгубленасць. Пра гэта ў каментары Krynica.info заявіў беларускі гісторык, дацэнт гістарычнага факультэта БДУ Яўген Красулін, які спаслаўся на размовы са сваімі знаёмымі ў ЕС.

Еўрапейцы ў разгубленасці

“Людзі не ведаюць, як рэагаваць, не ведаюць, што чакаць у далейшым, не ведаюць, што будзе правільным абіраць у гэтай сітуацыі. Але ў цэлым я спадзяюся, што моцна настроі не зменяцца. У першую чаргу не зменяцца ў элітаў. Аднак, канечне, перамены будуць. Яны ўжо ёсць”, — падкрэсліў ён.

На думку суразмоўцы, Францыя стала ахвярай тэрактаў з-за растучай у ёй папулярнасці ультра-правых партый і рухаў. Ён адзначыў, што з еўрапейскіх удзельнікаў кааліцыі, якая ваявала ў Сірыі, Францыя не была самай актыўнай. “На першым месцы па актыўнасці Вялікабрытанія. Але Брытанію не атакуюць. Можна, вядома, казаць, што брытанскія спецслужбы лепш працуюць, але 2005 год паказаў, што ў Брытаніі таксама няма імунітэту супраць тэрактаў”, — дадаў ён.

Яўген Красулін нагадаў, што на муніцыпальных і еўрапейскіх выбарах у Францыі ў сакавіку 2014 года адбыўся поспех Нацыянальнага фронту – вельмі правай партыі на чале з Марын Ле Пэн. “Упершыню ў ЕС перамагла партыя, якая фактычна выступае супраць Еўрапейскага звязу, супраць мігрантаў, што адразу зрабіла Францыю слабым звяном у еўрапейскай сістэме, бо яна ўвайшла ў супярэчнасць з тымі каштоўнасцямі, якія адстойваюць еўрапейцы: талерантнасць, мультыкультуралізм, свабода слова”, — заявіў гісторык.

А ў снежні, адзначае ён, “у Францыі пройдуць новыя рэгіянальныя выбары, і, канечне, на фоне гэтых падзеяў Нацыянальны фронт можа атрымаць поспех і на іх”. “Больш за тое, крайне правыя і ў іншых еўрапейскіх краінах будуць мець перавагу. Адпаведна гэта нясе пагрозу сістэме каштоўнасцяў, якую адстойвае Заходні свет. Гэта можа прывесці да ўвядзення ў дыскурс больш акрэсленай крайне правай рыторыкі, што, маўляў, лібералізм, Шэнгенская зона – гэта тое, што пагражае бяспецы людзей. І гэты дыскурс можа ўзнікнуць ва ўсёй Еўропе”, — сказаў Яўген Красулін.

Нянавісць як каштоўнасць

Паводле яго, адной з галоўных мэтаў і каштоўнасцяў крайне правых з’яўляецца аўтарытарызм. “Напачатку ён можа быць толькі ў нейкіх момантах, бо аўтарытарызм заўсёды ідзе акуратненька, намацваючы слабыя месцы, але канчатковая мэта яго – стварэнне таталітарнай сістэмы. А гэта прадугледжвае закрыццё межаў. Я ўжо чытаў у “фэйсбуках” і “твітэрах” еўрапейскіх лідараў заклікі грамадзян зачыніць межы, адмовіцца ад Шэнгену. На Facebook Дэвіда Кэмерана быў заклік узарваць тунэль, які вядзе з кантыненту. Гэта тая каштоўнасць, якую яны жадаюць – спыненне свабоды перамяшчэння”, — падкрэсліў суразмоўца.

Потым сярод мэтаў ультраправых, на яго думку, ідзе ліквідацыя свабоды слова: “цэнзура і, што яшчэ горш, выхаванне самацэнзуры ў людзей, каб яны баяліся выказаць нешта не тое”. І, канечне, ксенафобія. “Уцекачы, мігранты – гэта тыя групы, якія зараз будуць пад прыцэлам. Нельга казаць, што гэтыя плыні мігрантаў – вялікі падарунак для Еўропы. Але ж уцекачы – гэта першыя ахвяры сірыйскай вайны, яны ўцяклі не ад нізкіх заробкаў, а ад бомбаў і смерцяў. І, паводле падпісаных канвенцый, еўрапейскія краіны павінны даць прытулак людзям, жыццям якіх пагражае смерць. Але потым пачынаецца складаны працэс іх асіміляцыі ці ўладкавання да таго, пакуль у іх краіне не будзе мір. А гэта таксама добрая глеба для крайне правых сілаў, разнастайных ксенафобаў і іншых. Уся гэтая маса выйграе ад тэрактаў і атрымлівае доказы быццам бы сваёй карціны свету. І гэта прынясе чарговыя страты тым каштоўнасцям, на якіх зараз трымаецца грамадства”, — дадаў гісторык.

Паводле яго, ксенафобы дамагаюцца, каб кіравала нянавісць. “Калі чалавек, кагосьці ненавідзець, ім проста маніпуляваць, заклікаць нанесці ўдар па аб’екце нянавісці. Тое ж самае са страхам. А каб дасягнуць страху, трэба, каб чалавек амаль нічога не ведаў пра аб’ект, якога ён баіцца. Чалавек, які робіцца ахвярай гэтых пачуццяў, — гэта фактычна матэрыял для аўтарытарызму, якім можна маніпуляваць і абгортваць яго ў любы кокан”, — мяркуе Яўген Красулін.

Што стаіць за прапановамі Расіі?

Не выключае ён, што свой профіт ад падзей у Францыі паспрабуе атрымаць і Расія. Эксперт падкрэсліў, што адразу ж пасля тэрактаў у публікацыях расійскіх СМІ і выступах расійскіх аналітыкаў можна было заўважыць заклікі ўтвараць шырокую кааліцыю супраць ісламістаў, забыўшы пры гэтым пра былыя рознагалоссі па пытаннях Украіны ды правоў чалавека. “Шмат хто спадзяецца, што Расія такім чынам праб’е ізаляцыю, у якой яна апынулася па вядомых прычынах, і яе зноў прымуць у суполку сусветных дзяржаў. Што тычыцца Захаду, то я не пабачыў вялікага жадання ісці насустрач Расіі і забываць некаторыя вострыя моманты”, — заявіў ён.

На яго думку, у першую чаргу на шляху гэтай кааліцыі стаіць асоба прэзідэнта Сірыі Башара Асада. Яўген Красулін нагадаў, што перад тэрактамі было абвешчана пра пераходны перыяд у Сірыі на працягу 18 месяцаў, але пры гэтым не высветленым заставаўся лёс Асада.

“Падчас прэс-канферэнцыі адбыўся вельмі характэрны выпадак, калі дзяржсакратар ЗША Керы патлумачыў усё. Ён казаў, што ІДІЛ прадае нафту Асаду. Уласна кажучы, гэтая інфармацыя была даўно. За кошт чаго існуе “Ісламская дзяржава”? За кошт продажу нафты. Але ж яе трэба камусьці прадаваць. Еўрапейскія краіны на гэта, хутчэй за ўсё, не пойдуць. Іншыя краіны таксама не рызыкнуць, дый усталёўка кантактаў таксама вельмі  доўгая. А вось з Асадам, хутчэй за ўсё, яны хуценька знайшлі агульную мову і пачалі атрымліваць профіт ад продажу нафты яму. І Керы паказваў: давайце спынім гэтую схемы – прыбяром Асада – і праблема вырашаная. На што Лаўроў адказаў: вы ж ведаеце, дзе гэтыя нафтавыя палі. Звяртаю ўвагу, ён не казаў, што Асад не можа гандляваць са сваімі ворагамі і ворагамі ўсяго чалавецтва, але сказаў, што вы ведаеце гэтыя палі і, маўляў, нанасіце ўдары ды знішчайце ўсе магутнасці па здабычы нафты. І гэта таксама можа быць своеасаблівым тролінгам з боку Расіі, бо вынішчэнне нафтавых палёў ёй вельмі выгадна, бо можа прывесці да, нарэшце, росту цэнаў на нафту. Таго, што жыццёва важна для Расіі”, — мяркуе суразмоўца

“Яшчэ адна прычына, якая не дазваляе ўтварыцца шырокай кааліцыі, — мэты, якія абірае Расія для сваіх авіяўдараў. У той час, як кааліцыя наносіць удары па цэлях “Ісламскай дзяржавы”, Расія пераважна наносіць удары па сілах сірыйскай апазіцыі, якая ваюе супраць Асада. Шанец утварэння кааліцыі быў. Ён цягнуўся некаторыя гадзіны пасля таго, як з’явілася Расія са сваёй авіяцыяй у Сірыі, і да таго, як яна пачала нанасіць удары па сірыйскай апазіцыі, а не “Ісламскай дзяржавы”. Пасля гэтага на Захадзе ўсім стала зразумела, што Расія – не саюзнік і ўтвараць з ёй кааліцыю няма ніякага сэнсу”, — сказаў ён.

“У Расіі вялікае спадзяванне, што Захад робіцца больш дамоваздольным па сірыйскай праблеме, а гэта значыць, пакіне ў спакоі Асада і прымірыцца з захаваннем ім улады. Але, хутчэй за ўсё, Захад на гэта не пойдзе.  І тут будуць ужывацца розныя меры ціску на Захад, як напрыклад, тыя, што мы пабачылі ўвечары пятніцы ў Парыжы”, — заключыў Яўген Красулін.

Максім Гацак

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі