МЗС разлічвае на поўнае зняцце з Беларусі санкцый ЕС

макей

Афіцыйны Мінск спадзяецца на тое, што санкцыі ЕС у дачыненні да Беларусі будуць цалкам знятыя. Пра гэта 18 лістапада заявіў міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей на прэс-канферэнцыі па выніках сустрэчы з міністрам замежных спраў ФРГ Франкам-Вальтэрам Штайнмаерам ў Берліне.

Паводле яго слоў, зняцце санкцый «дапаможа нам працягнуць развіццё краіны па ўсіх напрамках – палітычным, эканамічным, у галіне правоў чалавека і іншым», паведамілі ў МЗС.

«Мы вельмі зацікаўлены ў нармалізацыі адносін з Еўрасаюзам. Мы хочам нармальных эканамічных адносін з Еўрапейскім саюзам і асобнымі еўрапейскімі краінамі. Гэта дапаможа быць нам мацней і ў палітычным плане», – падкрэсліў міністр.

Ён таксама заявіў, што на перамовах былі абмеркаваныя перспектывы развіцця дыялогу паміж Беларуссю і Еўрасаюзам, удзелу Беларусі ў працэсах еўразійскай інтэграцыі, яе ўзаемадзеяння з Германіяй у рамках міжнародных арганізацый, асабліва з улікам будучага старшынства Германіі ў АБСЕ ў 2016 годзе, шэрагу актуальных праблем міжнароднай палітыкі . «Я спадзяюся, што ў абмеркаванні ўсіх праблем мы дасягнулі ўзаемаразумення», – сказаў кіраўнік МЗС.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі