Біскуп Кашкевіч: Адвэнт нагадвае, што гісторыя свету і чалавецтва накіроўваецца да завяршэння

кашкевичБіскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч звярнуўся да каталікоў з пастырскім лістом на Адвэнт.

Нагадваючы, што ў “чарговы раз нам дадзена стаяць на парозе вельмі важнага і прыгожага перыяду літургічнага года, які павінен нас падрыхтаваць духоўна да спаткання з Ісусам Хрыстом у Таямніцы Яго Нараджэння”, герарх падкрэслівае, што гэтыя чатыры тыдні павінныя быць прасякнутыя настроем чакання і суму, а таксама развагамі аб тым, што прышэсцю ў свет Хрыста, якое змяніла бег гісторыі чалавецтва, папярэднічала доўгае чаканне людзьмі спаўнення Божых абяцанняў, паведамляе catholic.by.

“Адвэнт нагадвае нам таксама, што гісторыя свету і чалавецтва накіроўваецца да свайго завяршэння, да мэты, якой з’яўляецца канчатковае спатканне з Богам. Гэты напамін нам вельмі патрэбны, бо ў клопатах штодзённага жыцця, у руціне працы і хатніх абавязкаў гэтая мэта можа ў якісьці момант знікнуць з нашых вачэй”, – гаворыцца ў пасланні.

Адказ на пытанне – што належыць рабіць, каб быць падрыхтаваным да спаткання з Госпадам – герарх заклікае шукаць у Евангеллі, у якім Гасподзь перасцерагае вернікаў ад абцяжаранасці сэрца з нагоды граху, заклікае да вызвалення ад празмерных часовых клопатаў і непатрэбных справаў, якія не маюць значэння для нашага збаўлення.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі