У Бангладэш хрысціяне, мусульмане і індуісты патрабуюць правасуддзя для параненага святара

Каля 200 чалавек рознага веравызнання сабраліся перад Нацыянальным прэс-клубам у горадзе Дака (Бангладэш) з патрабаваннямі правасуддзя для а. П’ера Паралары, місіянера Папскага Інстытута Замежных Місій, які быў моцна паранены пры нападзе, учыненым на яго ў сераду, і ў цяперашні час знаходзіцца ў ваенным шпіталі.

Кіраўнік абшчыны індуістаў, пракурор трыбунала па міжнародных злачынствах Рана Дасгупта заявіў, што падобны інцыдэнт ганьбіць бенгальцаў. «Я чуў, што таксама 12 іншых святароў атрымалі пагрозы, – заявіў ён. – Калі падобная сітуацыя працягнецца, дэмакратыі ў краіне прыйдзе канец».

Пратэстоўцы неслі плакаты з надпісамі «Не забівайце з-за рэлігіі», «Замежнікі – нашы сябры». «Нас пераследуюць ўсё мацней і мацней, – адзначыў генеральны сакратар Бангладэшскай хрысціянскай асацыяцыі Нірмал Разарыё, – урад не звяртае ўвагу на нашу сітуацыю. Гэта ўсё больш заахвочвае злачынцаў». «Хрысціяне станавіліся ахвярамі нападаў на працягу многіх гадоў і ніхто з іх не атрымаў правасуддзя. Мы патрабуем правасуддзя для айца П’ера!» – заявіў сакратар БХА.

Пераследам падвяргаюцца не толькі каталікі. Некалькі пратэстанцкіх святароў атрымалі пагрозы за апошнія два тыдні. Некаторыя з іх нават не выходзяць з дому. Паліцыя Дакі праводзіць расследаванне.

Прадстаўнікі БХА таксама адзначылі, што нягледзячы на ​​пагрозы экстрэмістаў, місіянеры карыстаюцца вялікай павагай сярод мясцовага насельніцтва.

Па матэрыялах Asia News.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі