Улады дазволiлi дэманстрацыю да гадавіны Слуцкага збройнага чыну

слуцкСлуцкі райвыканкам даў дазвол на правядзенне 28 лістапада ў Слуцку ўрачыстай дэманстрацыі і мітынгу з нагоды 95-й гадавіны Слуцкага збройнага чыну. Рашэнне атрымана заяўнікамі акцыі – старшынём Партыі БНФ Аляксеям Янукевічам і кіраўніком слуцкай арганізацыі ПБНФ Віталём Амяльковічам.

28 лістапада ў 14.30 плануецца збор удзельнікаў ля будынку Слуцкага краязнаўчага музею, затым калона дэманстрантаў рушыць па ходніках да гарадскога парку культуры і адпачынку на вуліцы Віленскай, дзе запланаваны ўрачысты мітынг ушанавання памяці ўдзельнікаў Слуцкага паўстання 1920 года.

Выканкам ускладае на арганізатараў дэманстрацыі і мітынгу абавязак зрабіць захады па забеспячэнні грамадскага парадку ў адпаведнасці з заканадаўствам.

У акцыі плануюць прыняць удзел прадстаўнікі Партыі БНФ, Руху “За Свабоду”, Руху салідарнасці “Разам”, Моладзі БНФ ды іншых патрыятычных  аб’яднанняў. 28 лістапада з нагоды гадавіны Слуцкага збройнага чыну Малады фронт плануе ганаровае прыняцце прысягі новымі актывістамі Маладога Фронту.

Арганізатары мерапрыемстваў вядуць перамовы пра правядзенне пасля мітынгу ў Слуцку творчай сустрэчы з гісторыкамі, якія даследуюць падзеі антыбальшавіцкага супраціву на Случчыне.

Слуцкі збройны чын — спроба ўзброенай абароны незалежнасці Беларусі ў раёне Слуцку ў лістападзе і снежні 1920 году.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі