Біскуп Пінскі: Жэсты Папы нагадваюць, наколькі простым у адносінах быў Хрыстос

дзям'янкаБіскуп Пінскі Антоній Дзям’янка звярнуўся да вернікаў каталіцкага веравызнання напярэдадні Адвэнту – “часу радаснага чакання, які набліжае нас да непаўторнай атмасферы святаў Божага Нараджэння”.

“Што трэба зрабіць, каб праўда аб паўторным прышэсці Збаўцы давала нам такую ж радасць, як Нараджэнне Божага Сына, адначасова натхняючы нас на тое, каб мы штораз станавіліся лепшымі? Перадусім трэба імкнуцца лепш пазнаць Бога”, – звяртаецца да вернікаў герарх у пастырскім пасланні, нагадваючы словы святога Яна «Бог ёсць любоў», паведамляе catholic.by.

Біскуп Пінскі нагадвае, што “у гэтым годзе на парозе Адвэнту нам на дапамогу прыходзіць Папа Францішак, абвяшчаючы Год Міласэрнасці. Мы распачнём гэты год разам са Святым Айцом ва ўрачыстасць Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі 8 снежня. На пытанне, чаму менавіта сёння патрэбны Год Міласэрнасці, сам Папа дае нам вельмі просты адказ: «Трэба няспынна разважаць аб міласэрнасці Бога».

Герарх заклікае глыбей разважыць над словамі Папы аб тым, што толькі міласэрнасць з’яўляецца адзіным слушным “адказам на беднасць, голад, беспрацоўе, на праблему эміграцыі або неабходнасць пакінуць бацькоўскі дом”.

“Здзіўляюць простыя, а разам з тым, багатыя сэнсам жэсты Святога Айца, якія з’яўляюцца выразам перапоўненага любоўю сэрца. Жэсты, што часта шакіруюць свет, які больш прывык да папскай таямнічасці, і цяжкога для разумення пратакола. Гэтыя жэсты паказваюць нам на больш важную і збаўчую для чалавека праўду, нагадваюць, наколькі просты ў адносінах быў Хрыстос”.

“Папа Францішак па-свойму працягвае справу рэстаўрацыі вобраза Хрыста – справу новай евангелізацыі”, – падкрэслівае біскуп Пінскі, заклікаючы вернікаў звяртацца да досведу пантыфіка падчас Адвэнта.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі