Суд абвесціць рашэнне па будаўніцтве царквы на возеры Балдук 27 лістапада

болдукУ Глыбокім 25 лістапада працягнуліся судовыя слуханні па справе аб абавязковым вынясенні на грамадскае абмеркаванне будаўніцтва прадпрымальнікам з Мінска праваслаўнай царквы на беразе возера Балдук. Супраць будаўніцтва выступаюць эколагі і мясцовыя жыхары.

Пазоўнікамі выступілі каардынатар Экалагічнага таварыства «Зялёная сетка» Яраслаў Бекіш, юрыст ГА «Экадом» Рыгор Фёдараў і жыхар вёскі Станчыкі Валянцін Відзейка. Ад імя адказчыка – Пастаўскага райвыканкама – выступіў юрыст, таксама ў судзе прысутнічаў мінчанін Мікалай Рамановіч – ініцыятар будаўніцтва царквы абраза Божай Маці «Жываносная крыніца» насуперак заключэнню эколагаў аб немагчымасці вядзення забудовы на беразе ўнікальнага запаведнага возера. Падрабязную справаздачу аб судовых слуханнях можна знайсці на экалагічным сайце «Зялёны партал».

На працягу слуханняў бок адказчыка спрабаваў пераканаць суд у тым, што грамадскія абмеркавання раней праводзіліся, называючы імі вясковы мясцовы сход у суседніх з маланаселенымі Станчыкамі Вайшкунах, які быў ініцыяваны грамадзкім актывістам Ігарам Пастуховым.

У сваю чаргу, Пастухоў настойвае на тым, што абмеркаванне не праводзілася: «Мы рабілі запыты ў органы ўлады і ў царкву з патрабаваннем правядзення грамадскага абмеркавання і разгляду пытання па будаўніцтве царквы менавіта ў Лынтупах. Усё гэта было адхіленае”.

З гледзішча юрыста Віцебскага аблвыканкама, зямельная дзялянка пад будаўніцтва царквы была прадстаўленая ў 2011 годзе, калі яшчэ не было ў наяўнасці архітэктурна-планіровачнай канцэпцыі забудовы – такім чынам, не магло быць і яе грамадскага абмеркавання. Аднак правядзенне абмеркавання зараз парушыць, на думку юрыста, правы землекарыстальніка.

Рашэнне суда будзе абвешчанае 27 лістапада ў 10.00.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі