Крымінальную справу за знявечанне “Віцебскіх Курапатаў” узбуджаць не будуць

крыж

Міліцыя адмовілася ўзбуджаць крымінальную справу па факце знікнення пяці мемарыяльных крыжоў, усталяваных актывістамі Кансерватыўна-хрысціянскай партыі-БНФ на месцы “Віцебскіх Курапатаў” — каля вёсак Хайсы і Дрыколле, дзе ў 1930-я гады адбываліся «сталінскія расстрэлы», а пасля былі знойдзеныя парэшткі некалькіх соцень нявысветленых асобаў. Такі адказ з міліцыі атрымаў сябар КХП-БНФ Ян Дзяржаўцаў.

Следчыя не бачаць у дзеяннях асобы, якая пашкодзіла самаробны мемарыял, «наўмыснага разбурэння, знішчэння або пашкоджання помнікаў гісторыі і культуры» ці «абняслаўленне гісторыка-культурных каштоўнасцяў», бо аб’ектамі замаху лічацца толькі аб’екты, аднесеныя да помнікаў гісторыі і культуры ў афіцыйным парадку. Таксама  ў дзеяннях невядомага вандала няма складу злачынства, вызначанага як «абняслаўленне трупа ці магілы», бо статус масавага пахавання пакуль не вызначаны, паведамляе Радыё Свабода.

Паколькі чатыры з пяці скрадзеных крыжоў былі знойдзеныя міліцыяй і самімі актывістамі, памер матэрыяльных стратаў Яна Дзяржаўцава не адпавядае заканадаўчым нормам, каб распачаць крымінальную справу за крадзеж маёмасці: кошт нязнойдзенага крыжа не перавышае памеру дзвюх базавых велічынь. Разам з тым у міліцыі абяцаюць, што ў выпадку, калі вінаватыя будуць знойдзеныя, то на іх складуць адміністрацыйны пратакол за дробны крадзеж.

З лістапада 2014 году віцебскія актывісты на месцы сталінскіх расстрэлаў усталявалі пяць крыжоў, а ў лесе зрабілі сімбалічную «брацкую магілу». Сёлета ў верасні крыжы зніклі, што і стала падставай для звароту ў міліцыю.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі