Храмы Cвятой зямлі. Назарэт – горад Звеставання

Улічваючы адмену візаў паміж Беларуссю і Ізраілем, значна павялічылася магчымасць наведаць гэтыю краіну з турыстычным ці паломніцкімі візітам. Аўтар Krynicy.info падрыхтаваў адмыслова для партала свайго роду даведнік па хрысціянскіх храмаха Святой зямлі, які расказвае аб тым, што вока зацікаўленнага падарожніка можа пабачыць у тым ці іншым горадзе Ізраіля. 

Храмы Cвятой зямлі

Святой Зямлёю мы называем тое месца, дзе нарадзіўся, жыў і прапаведаваў сваю збаўчую навуку Ісус Хрыстос. Сын Бога, які прыйшоў на зямлю і стаўся чалавекам, даў нам навуку мудрасці, паказаў тыя вартасці, якія ў стане задаволіць нашыя сэрцы. З першых сваіх крокаў навука Хрыста распаўсюджвалася па землях Галілеі, Самарыі, Юдэі.

У Бэтлееме, Назарэце, Ерузалеме нараджаліся першыя хрысціянскія суполкі. Тут прайшло зямное жыццё Хрыста, і Яго ўдзячныя паслядоўнікі прысвяцілі выдатныя хрысціянскія храмы свайму Настаўніку, каб Слова Божае гучала вечна. Амаль два тысячагоддзі сюды ідуць пілігрымы з усяго свету, каб пакланіцца святым мясцінам, дзе адбыліся гістарычныя падзеі Боскага праяўлення на зямлі і завяршэння Яго месіянскай дзейнасці апісаныя ў Новым Запавеце.

Назарэт – горад Звеставання

Назарет. Храм Благовещения

З даўна пілігрымы, якія дабіраліся да Святой Зямлі, імкнуліся наведаць Назарэт, горад, дзе была абвешчана Добрая Навіна аб нараджэнні Божага Сына. Праслаўлены на вякі горад размешчаны ў нагорнай лагчыне, сціснутай двума хрыбтамі Галілейскіх гор, якія надаюць старому Назарэту выгляд кветкі (па-габрэйску – neser, ад гэтага слова, хутчэй за ўсё, і паходзіць назва горада). У Старым Запавеце Назарэт зусім не згадваецца, і ўвогуле горад быў такім нязначным, што пра яго казалі: «Ці ж можа быць што добрае з Назарэту?» (гл. Ян 1, 46). Затое гэты горад не раз згадваецца ў Новым Запавеце. Упершыню ён з’яўляецца на старонках Евангелля пры апісанні Звеставання: «У шосты ж месяц Бог паслаў анёла Габрыэля ў горад Галілейскі, які называўся Назарэт, да Дзевы, заручанай з мужам па імені Юзаф, з дому Давіда; імя Дзевы – Марыя» (гл. Лк 1, 26–27). Як апавядае адно са старажытных мясцовых паданняў, першае Звеставанне Багародзіцы адбылося каля крыніцы, дзе Марыя набірала ваду і пачула словы: «Вітай, поўная ласкі». Усё іншае, аб чым апавядае евангеліст Лука (1, 30–38), адбылося пазней, калі Яна вярнулася ў свой дом. Гэтаю крыніцаю тады карысталіся ўсе жыхары горада. Потым Назарэт набывае славу дзякуючы Ісусу Хрысту, які «рос і ўмацоўваўся, і напаўняўся мудрасцю» (пар. Лк 2, 40) у сціплым доме рамесніка Язэпа, зробленым, як усе дамы ў Юдэі і Галілеі, у тоўшчы вапнянай скалы з пячоры, прыстасаванай для жылля. Куды б ні накіроўвалася Святая Сям’я (у Бэтлеем на перапіс насельніцтва, у Ерузалем для ахвяравання першынца Богу або на свята Пасхі), яна заўсёды вярталася ў Назарэт. Менавіта адсюль пойдзе Ісус, каб распачаць сваю публічную дзейнасць, і нават будзе насіць мянушку «Назаранін».

Сваякі пабожнага Язэпа-Абранніка жылі ў Назарэце доўгі час пасля Унебаўшэсця Збавіцеля. Адзін з іх, Конан, ерусалімскі дыякан, у 249 годзе ў часы панавання рымскага імператара Дэцыя, пабудаваў на месцы памятнага дома святыню. Аб гэтым сведчыць мазаічны надпіс, знойдзены ў канцы ХІХ стагоддзя падчас раскопкаў. У IV стагоддзі імператар Канстанцін Вялікі даручыў аднаму са сваіх намеснікаў – Іосіфу, які кіраваў у Тыверыядзе, пабудаваць тут базыліку, што і было зроблена ў 352 годзе. Уварванне персаў у Палестыну ў 614 годзе, на шчасце, абмінула Галілею, і назарэцкая святыня Звеставання пазбегла зруйнавання. Яшчэ ў 670 годзе пра яе ўзгадвалі пілігрымы. Але замахі з боку мусульманаў зруйнаваць святыню былі неаднаразовыя, і мясцовым хрысціянам часта даводзілася адкупляцца вялікімі грашыма. Крыжакі знайшлі базыліку ўжо ў руінах. Аднаўленнем базылікі Звеставання ў 1112 годзе заняўся славуты рыцар Танкрэд. Ён адрамантаваў базыліку, часткова выкарыстаўшы рэшткі ранейшай: адроджаная святыня стала лічыцца саборнай, у Назарэт была перанесена мітраполія з Скіфопаля (Вефсан), і каталіцкі біскуп заснаваў тут сваю рэзідэнцыю ў кляштары пры базыліцы Звеставання.

На жаль, спакой у Назарэце панаваў нядоўга. У 1263 годзе войскі егіпецкага султана Бібарса ўварваліся ў горад і прымусам хацелі перавесці ўсіх жыхароў у іслам. За адмову мужных хрысціянаў катавалі і каралі смерцю, а іх святыні знішчалі. Базыліка Звеставання доўгі час ляжала ў руінах, адбудоўваць яе пачалі толькі ў 1620 годзе, калі ў Назарэце пасяліліся францішканцы. Але ў 1638 годзе святыню зноў разбурылі арабы качэўнікі. Працы па аднаўленні святыні і кляштара распачаліся дзесьці праз стагоддзе. Новапабудаваная базыліка Звеставання і кляштар пры ёй захоўваліся амаль што без зменаў да сярэдзіны ХІХ стагоддзя.

Апошняя вельмі вялікая базыліка, пятая па ліку, узведзеная над домам Язэпа і Марыі, у якім і адбылося Звеставанне, спраектаваная італьянскім архітэктарам Джаванні Муцыо ў 1969 годзе. Пад скляпеннямі велічнай базылікі, у былым доме Святой Сям’і, на падлозе змешчана мармуровая зорка з надпісам: «Тут слова сталася Целам»…

Да храму вядзе вузкая арабская вулачка з маленькімі сувенірнымі крамамі і кафэ. І толькі перад самым уваходам адкрываецца прастора ўнутранага двара храма. Унутраны партала Дзевы Марыі упрыгожаны разьбой па мармуры, а цэнтральныя дзверы і бакавыя створкі рэльефамі, якія адлюстроўваюць сцэны з жыцця Марыі.

Уздоўж усяго ўнутранага двара цягнецца галерэя, на сценах якой развешаныя больш за 50 партрэтаў Багародзіцы. Гэта падарункі католікаў розных краін свету з усіх кантынентаў. Бронзавая фігура Ісуса, якая стаіць на франтоне, вянчае сабой кампазіцыю прысвечаную сакрамэнту інкарнацыі. Фігуры Архангела Гаўрыіла і Дзевы Марыі суправаджае надпіс: “Анёл Гасподні звеставаў Марыі”. Унутраны прытвор партала упрыгожаны цэнтральнай і двума бакавымі дзвярыма. На іх намаляваныя шматлікія сцэны і біблейскія персанажы, якія адносяцца да жыцця і асобы Ісуса.

Увойдзем у храм. Ён зусім не звычайны, бо пабудаваны ў двух узроўнях. Тут вылучана галоўная святыня гэтага месца – Грот Святой Сям’і і ўласна сама базыліка, якая можа прыняць тысячы паломнікаў і турыстаў на багаслужэнне.

Ніжняя царква – гэта скупа асветленая зала, у цэнтры якой святы Грот. Тут знаходзіўся дом праведнага Язэпа, дзе і адбыўся сакрамэнт Богаўцелаўлення. Перад пячорай знаходзіцца маленькі пакойчык, які звуць прыбудоўкай Архангела Гаўрыіла. У ёй размешчана два пасады: на ўсходнім баку ў імя праведных Яўхіма і Ганны, і на заходняй – у імя Міхала. Двума прыступкамі ніжэй знаходзіцца невялікае памяшканне, 7 метраў даўжыні і 4 метра шырыні, няправільнай чатырохкутнай формы. Гэта і ёсць святліца Найсвяцейшай Дзевы Марыі.

Перад уваходам у Грот знаходзіцца алтар, пад якім выгравіраваны надпіс: “Тут Слова сталася целам”. На тым месцы, дзе стаяў Арханёл Гаўрыіл, ўстаноўлена мармуровая калона, а месца Дзевы Марыі пазначана мармуровым кругам з крыжам. На медным балдахіне, што размешчаны над гротам, адлюстравана сцэна інкарнацыі. Перад алтаром ёсць пляцоўка са лавамі для правядзення службаў. Зала аформлена вельмі аскетічно, бо раскоша тут была б недарэчная.

Па кручанай лесвіцы можна падняцца ў Верхнюю царкву. На драўляным барэльефе намаляваныя знакамітыя пілігрымы, якія спрыялі праслаўленню святасці гэтага месца. Калі ўваходзіш у Верхнюю царкву, то атрымліваеш сапраўднае ўзрушэнне ад грандыёзнасці базілікі, яе архітэктурнага рашэння і раскошы афармлення.

Па падлозе мармуровая дарожка, якая пачынаецца мемарыяльнай плітой, прысвечанай Папу Яну XXIII, а сканчаецца плітой з прысвячэннем Папе Паўлу VI, якія праявілі асаблівае шанаванне Храма і Святога Грота.

Назарет.Базилика БлаговещенияБазіліка падзелена на дзве часткі: зала са лавамі для малітвы свецкіх асобаў і прэсбітэрый для духавенства і правядзення малых службаў. Гэтыя часткі аддзеленыя адна ад аднй драўлянай перагародкай. У цэнтры базілікі – адтуліна, якая злучае верхні і ніжні залы храма, зазірнуўшы ў якую, можна ўбачыць Святы Грот. Магутныя бетонныя канструкцыі дзеляць базіліку на тры нефа. Яны выглядаюць дзіўна лёгка, адкрываючы лёгкія і душу, фізічныя і духоўныя сілы для праявы радасці і захаплення.

А яны ўзнікаюць пры поглядзе на грандыёзнае мазаічнае пано, размешчанае на заднім боку прэзбітэрыя. Галоўная яго ідэя – аб’яднанне чалавецтва ў любові і роўнасці пад заступніцтвам паўсюднай Царквы. Над усім і ўся – Бог Айцец, прысутнасць якога сімвалізуе усёвідушчае вока. Святы Дух лунае ў выглядзе голуба. Сам Бог Сын – Ісус, які стаіць на гары Сіён з распасцёртымі рукамі і заклікае ўсіх пад Свае далоні. Побач з Ісусам сядзіць Багародзіца, з другога боку стаіць апостал Пётр, за ім астатнія апосталы, папы, міратворцы ХХ стагоддзя, духавенства і вернікі з усіх кантынентаў, аб’яднаныя заклікам сімвала веры: “Веру ў адзіную, святую, саборную і апостальсткую Царкву”.

Вельмі ўражвае велізарны купал базылікі, які бачны амаль з любой кропкі Назарэта. Яго вышыня 30 метраў, дыяметр – 18. Форма яго нагадвае лілею – сімвал чысціні, а спляценні канструкцый – літару “М” – сімвал бязгрэшнай Дзевы Марыі. На барабане пад купалам знаходзяцца вітражы, якія прадстаўляюць апосталаў і бацькоў Марыі. А пад купалам, у падлозе, архітэктар размясціў адтуліну, якая злучае Верхнюю і Ніжнюю царквы ў адзінае цэлае. Гэта не толькі дадатковая крыніца святла, але і сувязь сучаснасці са старажытнасцю.

Сяргей Кірык, спецыяльна для Krynica.info, фота з архіва аўтара.

Працяг будзе

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі