Запрашэнне незалежнай Чарнагорыі ў НАТА не спадабалася Расіі

чарнагорыя

Кіраўнікі МЗС краін-удзельніц НАТА 2 снежня на саміце ў Бруселі афіцыйна запрасілі Чарнагорыю пачаць перамовы аб уступленні ў альянс, якія, як мяркуецца, працягнуцца паўтара-два гады. Чарнагорыя далучылася да праграмы НАТО «Партнёрства дзеля міру» яшчэ ў 2003 годзе. У 2006 годзе пасля абвяшчэння незалежнасці яна пацвердзіла ўдзел у праграме, а ў 2009-м атрымала План дзеянняў па сяброўстве ў НАТА.

Генеральны сакратар альянсу Енс Столтэнберг адзначыў, што ніякі трэці бок не мае права ўмешвацца ў рашэнне, прынятае суверэннай краінай. «Рашэнне запрасіць Чарнагорыю стаць паўнапраўным членам НАТА не тычыцца Расіі. Гэта датычыцца Чарнагорыі і НАТА. Рашэнне запрасіць Чарнагорыю не накіравана супраць каго-небудзь», — сказаў ён.

Аднак на РФ яго словы не падзейнічалі. Так, старшыня камітэта Савета Федэрацыі па абароне і бяспекі Віктар Озераў заявіў, што Расія адмовіцца ад рэалізацыі сумесных праграм з Чарнагорыяй ў сувязі з яе ўступленнем у НАТО, у тым ліку ў сферы ваенна-тэхнічнага супрацоўніцтва, назваўшы пры гэтым Чарнагорыю «патэнцыйным удзельнікам пагрозы бяспекі» для РФ, перадае РІА Новости.

Яго намеснік Яўген Сярэбранікаў нават заявіў, што Масква распачне далейшыя меры па ўзмацненні боегатоўнасці і абараназдольнасці ў выпадку ўступлення Чарнагорыі ў НАТА. Паводле яго слоў, пашырэнне НАТА з’яўляецца «супрацьпрыродным, супрацьзаконным і супярэчным мірнаму супрацоўніцтву».

«Шкадуе» аб магчымым членстве незалежнай краіны ў НАТА і старшыня камітэта па міжнародных справах Савета Федэрацыі Канстанцін Касачоў. Ён заявіў, што Чарнагорыя ўключылася ў «механізм перманентнага ўзнаўлення халоднай вайны», адзначае ТАСС.

А першы намеснік старшыні камітэта Савета Федэрацыі па абароне і бяспекі Франц Клінцэвіч заявіў, што кіраўніцтва Чарнагорыі ўцягвае краіну ў альянс насуперак волі немалой часткі народа. Паводле яго слоў, Захаду давядзецца мець справу з «крымінальным рэжымам» Міла Джуканавіча. Пры гэтым ён назваў пагрозай для Чарнагорыі і намер мясцовых уладаў размясціць на сваёй тэрыторыі каля 30 тыс. бежанцаў з Блізкага Усходу «. Саму Чарнагорыю Франц Клінцэвіч назваў краінай «з вельмі сумніўнай рэпутацыяй».

У сваю чаргу Дзярждума прыняла зварот да чарнагорскай Скупшчыны, парламентаў краін НАТА і ПА АБСЕ з заклікам не далучаць Чарнагорыю да Паўночнаатлантычнага альянсу.

Разам з тым прэс-сакратар прэзідэнта РФ Дзмітрый Пяскоў заклікаў дачакацца афіцыйных заяў, калі яны рушаць услед з боку МЗС, ваеннага ведамства або кіраўніка дзяржавы. Пры гэтым, паводле яго слоў, пашырэнне НАТА на Усход не можа не прыводзіць да дзеянняў у адказ з боку Расіі.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі