Ірыне Моцнай на год зменшылі тэрмін зняволення

МоцнаяЗняволеная прыёмная маці з Клімавічаў Ірына Моцная напісала з турмы каардынатарцы аргкамітэта па стварэнні партыі “Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя” па Магілёўскай вобласці Таісіі Кабанчук, што ёй на год скарацілі тэрмін зняволення.

«Спрабую скараціць свой тэрмін. Год знялі. Хутка ў мяне замена рэжыму, але на яе не спадзяюся, тут гэта амаль не практыкуюць. Наперадзе УДВ. Там не ведаю… Працую на фабрыцы, але ёсць свае цяжкасці. У лісце не магу…» – піша Ірына Моцная, паведамляе bchd.info.

«Тут ратуюць толькі лісты. Устаю і кладуся з болем. Жыццё прайшло дарэмна!.. Але калі зусім у гэта верыць пачынаю, думаю пра дзяцей… Гэта тое, дзеля чаго трэба жыць!» – гаворыцца ў лісце.

Ірына піша, што вельмі ўдзячная за ўсе лісты, якія атрымлівае ад неабыякавых да яе сітуацыі грамадзянаў: «Ратуюся лістамі і чытаннем. Лісты тут неацэннае багацце! Наогул, да тых, каму шмат пішуць, тут лепш ставяцца. Закон такі! Тут! Але я выжыву, усё вытрываю і перажыву! Жыццё свае, нават калі давядзецца пачынаць спачатку, я не размяняю на слёзы і забіванне сябе!».

Нагадаем, 19 снежня 2014 года суд у Клімавічах, які праходзіў у закрытым рэжыме, прызнаў Ірыну Моцную, якая цягам 16 гадоў выхоўвала не толькі сваіх, але і прыёмных дзяцей, вінаватай у стварэнні ў сям’і цяжкай атмасферы і кепскім абыходжанні з дзецьмі. Ірына Моцная была пазбаўленая волі тэрмінам на 4 гады.

Самі дзеці паведамлялі, што адносна іх ніколі не ўжываліся аніякія карныя меры, якія б адрозніваліся ад пакаранняў, прынятых у іншых сем’ях.

Прыёмная сям’я Моцных на працягу дзесяці гадоў лічылася адной з лепшых у раёне.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі