Разня ў Сінджары, або ў чым абвінавачваюць беларускага ісламіста

язід1

Па дадзеных курдскага сайта Kurdish Daily News, забіты на Ірак-сірыйскай мяжы выхадзец з Беларусі Дзяніс Васільеў, які ваяваў на баку тэрарыстычнай групоўкі «Ісламская дзяржава», удзельнічаў у генацыдзе нацыянальна-рэлігійнай меншасці язідаў у іракскім горадзе Сінджар ў 2014 годзе. Krynica.info вырашыла ўспомніць гэтыя падзеі.

3 жніўня 2014 года войскі ІД захапілі Сінджар і наваколлі. Байцы курдскай Пешмергі, якія ахоўвалі горад, у колькасці 250 чалавек вырашылі пакінуць горад. Зрабілі яны гэта ноччу, не папярэдзіўшы мясцовых жыхароў. Ісламісты, якія ўвайшлі ў горад, запатрабавалі ад насельніцтва прысягі вернасці. Акрамя гэтага, ад мясцовых язідаў, якіх у ІД лічаць д’ябалапаклоннікамі, запатрабавалі перайсці ў іслам або памерці. Пра тое, што ісламісты слоў на вецер не кідалі, сведчылі фатаграфіі забітых, якія актыўна публікаваліся ў сацсетках. Забівалі ў асноўным мужчын, а іх жонак і дачок аддавалі нежанатым джыхадзістам.

язід2

Агульная колькасць ахвяр разні ў жніўні ацэньваецца па розных дадзеных у 2-5 тыс. чалавек. Толькі 250-300 мужчын былі забітыя ў вёсцы Хардан, яшчэ каля 200 паміж вёскамі Аднанія і Джазіра. У вёсцы Хоча за адмову перайсці ў іслам былі забітыя 400 мужчын-язідаў, у самым Сінджары – каля 500.

Амаль 200 тыс. чалавек – у асноўным язіды, мусульмане-шыіты і курды – былі вымушаныя бегчы. Іх шлях ляжаў у Сінджарскія горы, дзе яны апынуліся без ежы, вады і медыкаментаў. Пакутуючы ад голаду і абязводжвання, яны пры гэтым знаходзіліся ў поўнай блакадзе з боку ісламістаў. Ад 5 жніўня верталёты і самалёты іракскіх ВПС і краін Захаду пачалі дастаўляць уцекачам па паветры ваду, прадукты і медыкаменты.

язід3

Ліга Арабскіх дзяржаў 11 жніўня 2014 года абвінаваціла ІД у злачынствах супраць чалавечнасці падчас пераследу язідаў. А ААН у сакавіку 2015 года заявіла аб магчымым генацыдзе гэтай нацыянальна-рэлігійнай групы.

Для выратавання язідаў ЗША прынялі рашэнне аб пачатку паветранай аперацыі ў Іраку. Дзякуючы гэтаму і ўмяшанню курдскіх ваенных фарміраванняў з Турцыі і Сірыі паміж 9 і 11 жніўня быў сфармаваны калідор, па якому ўдалося вывесці большасць бежанцаў у бяспечнае месца.

Спробы вызваліць Сінджар прадпрымаліся курдамі са снежня 2014 года. Аднак ўвянчаліся яны поспехам толькі ў лістападзе 2015 года, калі аб’яднаныя курдска-язідскія сілы пры падтрымцы спецназа ЗША выбілі ісламістаў з горада. Акрамя таго, быў перакрыты асноўны маршрут ІД, вядучы з Масула ў сталіцу «Ісламскай дзяржавы» Раку.

У адным з баёў па вызваленні Сінджара і наваколля і быў забіты верагодны ісламіст з Беларусі Дзяніс Васільеў.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі