Як падрыхтавацца да свята Раства? Адказвае рэфармацкі пастар

Да святкавання хрысціянамі Раства засталося менш за месяц: 25 снежня яго будуць святкаваць па грыгарыянскім календары каталікі, пратэстанты і частка праваслаўных, 7 студзеня – большасць праваслаўных і вернікі некаторых усходнекаталіцкіх Цэркваў. Армянская Царква адзначае Раство Хрыстова 6 студзеня.

Напярэдадні ўрачыстасці шматлікія хрысціянскія Цэрквы ўступілі ў перыяд Каляднага посту. З 15 лістапада ён пачаўся ў вернікаў Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы, з 28 лістапада – Беларускай Праваслаўнай Царквы, а 29-га распачаўся Адвэнт ў беларускіх рыма-каталікоў, кальвіністаў і лютэран. Як лепш за ўсё падрыхтавацца да свята Нараджэння Хрыстовага, на што варта звяртаць увагу ў пост – пра гэта Krynica.info папрасіла расказаць пастыраў розных хрысціянскіх Цэркваў.

На нашы пытанні пра Адвэнт і Божае Нараджэнне адказвае пастар Эвангелічнай рэфармацкай царквы (Мінска-Магілёўская дыяцэзія), прэзбітэрыя святога Ансэльма, CREC Сяргей Удальёў:

– Адвэнт – час падрыхтоўкі да свята Нараджэння Хрыстовага, але па сутнасці час чакання прыходу (адвэнт), якога мы павінны чакаць ўвесь час. Адвэнт толькі нагадвае нам пра гэта. Усё астатняе толькі традыцыі ў царкве (ды і дома). Мы кожны тыдзень запальваем новую свечку (іх чатыры ці пяць), кожная з якіх носіць сваю назву і пэўны сімвал.

Першая – свечка прароцтва ці надзеі. У гэты час чытаюцца прароцтва аб Хрысце. Другая – свечка Віфлеема. Чытаем гісторыю пра тое, як Бацькі Ісуса пайшлі ў Віфлеем і Ён нарадзіўся. Трэцяя – свечка радасці. Чытаем гісторыю з’явы анёлаў пастухам. Чацвёртая – свечка анёлаў. Яна сімвалізуе прыход Хрыста і анёлаў у славе і запальваецца на куццю, напярэдадні Раства.

Спачатку Царква не святкавала Раство, бо ў 1-м Пасланні апостала Пятра (1:10) гаворыцца пра тое, што прарокі абвясцілі прышэсце Хрыста, а дакладней Яго мукі і славу. Таму Царква ў літургічным календары ставіць перад Раством акцэнт на адкупленні і другім прышэсці. Таму варта рыхтавацца да другога прышэсця, больш чытаць Слова Божае, верыць усім сэрцам у адкупіцельную ахвяру Хрыста, а не спадзявацца на сваю праведнасць. Імкнуцца жыць пры гэтым годна паклікання хрысціяніна.

Як падрыхтавацца да свята Раства? Адказвае праваслаўны святар

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі