Памёр адзін з першых беларускіх хрысціянскіх блогераў

смірноў

Памёр баптысцкі пастар Юрый Смірноў, адзін з першых беларускіх хрысціянскіх блогераў. Пра гэта Krynica.info паведаміў сустаршыня аргкамітэту па стварэнні партыі “Беларуская хрысціянская дэмакратыя” Павел Севярынец.

«Юрый Смірноў вёў з канца 1990-х сайт laza.org – ці не першы беларускамоўны хрысціянскі блог у пратэстантаў. Ён не баяўся прыходзіць у Малады фронт, БНФ на сустрэчы, Канфэрэнцыі, удзельнічаў з 1999 года ў міжканфесійнай “Хрысціянскай ініцыятыве””, – дадаў хрысціянскі палітык.

“Ты пайшоў у царкву на малітоўную размову… І не дайшоў. Упаў на вуліцы і памёр… Страта для мяне страшная… Ты ж быў адным з нямногіх, каго я мог назваць сапраўды сваім духоўным айцом! Я рэальна асірацеў… Ды і ўсе мы…”, – адзначае ў сваім блогу пастар Павел Бегічаў.

«Ад цябе засталіся тэксты і людзі, якія выраслі на гэтых тэкстах. Ты быў для мяне і маральным компасам. Пасля гутарак з табой станавілася сорамна за многія свае думкі і ўчынкі», – піша ён.

Юрый Смірноў нарадзіўся ў 1960 годзе ў Барысаве. У 1982 годзе скончыў Мінскі дзяржаўны педагагічны інстытут замежных моваў. У 1993-1996 гадах быў перакладчыкам у хрысціянскай місіі “Новае жыццё-2000”. Рыхтаваў хрысціянскія перадачы на беларускім незалежным радыёканале, зачыненым уладамі ў 1996 годзе. Да 2004 года працягваў хрысціянскае інфармацыйнае служэнне на Radio Bible Class. Выпускаў газету “Ветви», заснаваў адзін з першых беларускіх хрысціянскіх блогаў laza.org, вёў блог у Жывым часопісе.

Развітанне з ім пройдзе 11 снежня ў царкве ЕХБ “Дабравесце” ў Мінску па адрасе вуліца Чайкоўскага 37.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі