Цёмныя часы для ўсіх канфесій наступаюць ў Кітаі

Дзяржаўная адміністрацыя па справах рэлігіі КНР рыхтуецца правесці нацыянальны саміт па пытаннях рэлігіі, на якім будзе абмяркоўвацца змена нормаў дзяржаўнага кантролю ў духоўнай сферы.

На пасяджэнні акрамя намесніка старшыні ГАДР Чэна Жанронга будзе прысутнічаць старшыня КНР Сі Цзіньпінь. На саміце плануецца абмеркаваць фармацыю мясцовых рэлігійных лідараў.

Каменем перапоны ў адносінах паміж рознымі рэлігійнымі суполкамі і ГАДР з’яўляецца маёмаснае пытанне. У часы Мао Цзэдуна велізарная колькасць нерухомасці была экспрапрыявана «для патрэб народа». Згодна з законам, прынятым пры Дэн Сяапіне, ГАДР павінна была вярнуць маёмасць законным уладальнікам, аднак супрацоўнікі адміністрацыі выкарыстоўваюць яе ў сваіх мэтах, аддаючы будынкі пад гасцініцы і зямлю заводам, часам нават перапісваючы некаторыя аб’екты на сваё імя. У прыватнасці, Каталіцкай Царкве да гэтага часу не вярнулі нерухомасці на 13 млн еўра.

Кітайскія хрысціяне таксама асцерагаюцца далейшага ўзмацнення кантролю над інтэрнэтам. За апошнія месяцы па краіне пракацілася хваля арыштаў блогераў і журналістаў. Таксама сумневы выклікае «самагубства» кс. Вей Хэпіня, актыўнага інтэрнэт-публіцыста.

Трывожнай здаецца і палітыка «кітаізацыі» рэлігіі, абвешчаная Сі Цзіньпінам у траўні. Пад «кітаізацыяй» маецца на ўвазе поўнае падпарадкаванне Камуністычнай Партыі Кітая і ўзгадненне ўсіх рэлігій з палітыкай дзяржавы. Як заяўляе праўладная газета «China Nation Post», хрысціянства павінна стаць больш «кітайскім» і інтэрпрэтаваць Святое Пісанне толькі ў кантэксце традыцыйнай кітайскай культуры і прыносіць больш карысці грамадству. Калі ж падобнага не адбудзецца, сцвярджае газета, чужаземная рэлігія будзе знішчана. Нягледзячы на ​​тое, што хрысціянскія цэрквы Кітая і гэтак гатовыя дапамагаць грамадству, ажыццяўляючы сацыяльнае служэнне, і наладжваць дыялог з традыцыйнымі культурамі Кітая, абуральным уяўляецца дзяржаўны кантроль у гэтай сферы, які па сутнасці абрынае, на думку прадстаўнікоў кітайскай хрысціянскай інтэлігенцыі, хрысціянскую веру да ўзроўню прыдатка дзяржаўнай ідэалагічнай машыны. Па сутнасці «кітаізацыя» з’яўляецца замаскіраванай спробай уладаў захапіць поўную ўладу над асноўнымі рэлігіямі краіны. Напрыклад, прадстаўнікі КПК ужо заявілі, што пытанні інкарнацыі знаходзяцца ў падпарадкаванні Камуністычнай партыі і што Пекін будзе вызначаць, хто атрымае ў спадчыну тытул Далай Ламы, маладым мусульманам забаронена адрошчваць бароды, а студэнтаў, што трымаюць мусульманскі пост Рамадан, выключаюць з універсітэтаў.

У адносінах з Ватыканам Пекін таксама паводзіць сябе аўтарытарна: ад Святога пасаду патрабуюць прызнання паўнамоцтваў Рады біскупаў, створанай урадам Кітая, у прызначэнні новых біскупаў, арыштаваных святароў адмаўляюцца вызваляць.

На думку экспертаў, падобная паранаідальная палітыка можа быць выкліканая страхам КПК паўтарыць лёс КПСС. Так, у падзенні Берлінскай Сцены КПК абвінаваціла польскую «Салідарнасць» у прыватнасці і Польшчу ў цэлым, а таксама Папу Яна Паўла II. Менавіта з таго моманту назіраецца агрэсія кітайскага кіраўніцтва ў дачыненні да незалежных прафсаюзаў і ініцыятыў у галіне развіцця рэгіянальнай аўтаноміі.

На думку аналітыкаў каталіцкага інтэрнэт-выданні «Asia News», падобная палітыка ў пытаннях рэлігіі з’яўляецца суіцыдальнай для кітайскага кіраўніцтва, бо знішчаючы рэлігіі на сваёй тэрыторыі, КПК тым самым пазбаўляе адзінай надзейнай «звязкі» кітайскае грамадства, маральна спустошанае дзесяцігоддзямі матэрыялізму, індывідуалізму, падазронасці і экзістэнцыяльнай пустаты.

Па матэрыялах Asia News.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі