Каталіцкі манастыр выстаўлены на аўкцыён за 4,5 тыс. даляраў

аукционУ Брэсцкім аблвыканкаме 18 снежня ў 11. 00 адбудзецца аўкцыён па продажы будынка са спісу гісторыка-культурных каштоўнасцяў Беларусі – былога кляштара каталіцкіх братоў-баніфратраў, альбо «добрых братоў», як прынята іх называць у Еўропе. Стартавая цана – 83,4 млн рублёў (4,5 тыс. даляраў).

Да нядаўняга часу паўразбураная гісторыка-культурная каштоўнасць выкарыстоўвалася ў якасці гаражоў мясцовага вучэбна-вытворчага камбіната. «Выкарыстоўвалі, пакуль не пачаў разбурацца дах, а цяпер прадаюць, нікога не спытаўшы. Пра гэта мы даведаліся выпадкова – убачылі на кляштары таблічку «Прадаецца» з тэлефонам. Можа, спачатку прапанавалі б касцёлу вярнуць гэты будынак або каб нейкі прыярытэт для нас быў», – абураны настаяцель Траецкага касцёла ў Высокім кс. Андрэй Бародзіч, паведамляе kp.by.

Па словах кс. Андрэя Бародзіча, Каталіцкая Царква ў сілах адшукаць грошы на аднаўленне манастыра, – аднак не плаціць 80 з лішнім мільёнаў ўсяго толькі «за права ўласнасці».

На думку святара, гаворка павінна ісці не аб продажы, а аб вяртанні гаспадару несправядліва адабранай маёмасці: «Бо калі-некалі гэты будынак у каталікоў хтосьці забраў. Калі б нармальны кошт быў, мы, напэўна, маглі б і заплаціць, але чаму і так не аддаць?». Ксёндз Андрэй Бародзіч дапускае разумнасць запрашэння ў манастыр яго ранейшых гаспадароў – манахаў-баніфратраў, спецыфічным заняткам якіх заўсёды было лекаваньне і вырошчванне лекавых раслінаў. Сёння зёлкі ад баніфратраў карыстаецца велізарнай папулярнасцю ў Польшчы.

Мясцовыя ўлады: Дарма каталікам нічога не аддадзім

Іншага пункту гледжання прытрымліваюцца дзяржаўныя ўлады. «Будынак з’яўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасцю трэцяй катэгорыі, г. зн. мясцовага значэння. Ён цяпер не належыць Касцёлу. Каталікі могуць набыць гэты будынак, але ніхто бясплатна яго не аддасць. За якія фінансавыя сродкі яны яго будуць аднаўляць? Там вялікі будынак. Колькі будзе каштаваць адзін праект, а яшчэ будматэрыялы. Каталікі хай адновяць тое, што ў іх ёсць у наяўнасці. Напрыклад, вялікіх фінансавых укладанняў яшчэ патрабуе Траецкі касцёл у Высокім, каб выглядаў адпаведна», – кажа метадыст па ахове гісторыка-культурнай спадчыны аддзела культуры Камянецкага райвыканкама Ірына Рэзнічук.

Сёння ўласнікам будынка з’яўляецца аддзел адукацыі, спорту і турызму, які і выставіў былы манастыр 1785 года на аўкцыён.

Манастыр баніфратраў ў Высокім быў пабудаваны ў 1785 годзе па распараджэнні канцлера ВКЛ Аляксандра Сапегі, будынак у стылі барока спраектаваў архітэктар Ян Самюэль Бекер – аўтар Ружанскага палаца.

У манастыры дзейнічала бальніца на 40 ложкаў, дзе лячылі сялянаў, у 1840 годзе манастыр быў скасаваны рашэннем Расійскай імперыі.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі