Як падрыхтавацца да Божага Нараджэння? Адказвае каталіцкі святар

стаенка

Да святкавання хрысціянамі Раства засталося менш за месяц: 25 снежня яго будуць святкаваць па грыгарыянскім календары каталікі, пратэстанты і частка праваслаўных, 7 студзеня – большасць праваслаўных і вернікі некаторых усходнекаталіцкіх Цэркваў. Армянская Царква адзначае Раство Хрыстова 6 студзеня.

Напярэдадні ўрачыстасці шматлікія хрысціянскія Цэрквы ўступілі ў перыяд Каляднага посту. З 15 лістапада ён пачаўся ў вернікаў Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы, з 28 лістапада – Беларускай Праваслаўнай Царквы, а 29-га распачаўся Адвэнт ў беларускіх рыма-каталікоў, кальвіністаў і лютэран. Як лепш за ўсё падрыхтавацца да свята Нараджэння Хрыстовага, на што варта звяртаць увагу ў пост – пра гэта Krynica.info папрасіла расказаць пастыраў розных хрысціянскіх Цэркваў.

На нашы пытанні пра Адвэнт і Божае Нараджэнне адказвае каталіцкі святар Караль Тамэцкі, яки цягам 18 гадоў працаваў у Мсціславе і Бялынічах.

– Калядны пост, а разам з ім у Каталіцкай Царкве – літургічны Новы год, па сутнасці, павінен пачынацца ў свята Увядзення ў Храм Найсвяцейшай Панны Марыі / Яе Ахвяравання (21 лістапада/4 снежня). Адтуль застаецца да Новага году 40 дзён, а да Маці Божай Грамнічнай (Ахвяравання Панскага) – 10,5 тыдня, што складае пятую частку года: ідэальны памер медытацыйнага (сузіральнага) перыяду, каб прыняць адпаведную хуткасць перажывання дзеяў літургічных. Гэты перыяд адмярае таксама «дзесяць зімовых паннаў»: святыя дзяўчынкі, якія быццам светачы вызначаюць наш шлях – святая Цэцылія (22 лістапада), Кацярына (25 лістапада), Вівіяна (2 снежня), Варвара (4 снежня), Луцыя/Святлана (13 снежня), Вікторыя (23 снежня), Анастасія (25 снежня). Апошнія тры – ужо пасля Божага Нараджэння.

Звычайна ж пачынаецца Адвэнт, што значыць З’яўленне, як называлі ў антычныя вякі прыбыццё важнай службовай персоны, якая выконвае кантроль (нам нагадвае пра кантроль духоўны ў перспектыве падрыхтоўкі да святаў, а таксама слаўнага вяртання Хрыста напрыканцы вякоў)  – недзе паміж святой Кацярынай і Варварай, на святога Андрэя Першазванага, так што загавенне на гэты пост называецца «Андрэйкамі».

Што ж за пост? Каталікі ўстрымліваюцца ў гэты час ад гучных вечарынаў, танцаў, а ядуць поснае (без мяса) як і ў звычайны час году – па пятніцах, дзеля набожнасці можна яшчэ і па серадах. Канешне раней, а таксама зараз ў старэйшых людзей – пост бывае нашмат больш суворым, тым не менш – пост не павінен несці шкоды здароўю. Разам з тым пост – гэта не дыета ці «здаровы вобраз жыцця». Ён мае выдасканальваць духоўна, каб мы падняліся да ўдзячнасці Богу, і мае спрыяць дабрачыннасці. Менавіта на дабрачыннасць звяртаецца вялікая ўвага ў гэты час падрыхтоўкі

Скажаце: дык гэты час і тыя меры ўжо пайшлі, ці спазніліся мы? – Гэта нястрашна, таму што адной з асноўных прыкметаў літургіі ёсць нешта такое, што як рана не пачнеш спаўняць правіла, – ўсё роўна перад табой нешта ўжо здзейснілася. Ісус папярэдзіў нас і мы глядзім Яму ў спіну, паспяшаючы за Ім. Калі такое адчуваем – ўсё вельмі добра і мы на сапраўдным шляху.

Калі ж узяць гэты дасканалы час, што складае да Божага Нараджэння ад Увядзення Панны Марыі ў Храм 5 тыдняў, дык у нашай пабожнасці можам прысвяціць іх сузіранню 5 засцярогаў Панны Марыі. Звычайна думаем пра Яе журботы, але ж ёсць таксама засцярогі, якія здзейсніў нам да навучання ў Яе жыцці Бог.

Першая засцярога – гэта несумненна Беззаганнае Зачацце Панны Марыі, якога пажадаў Бог, прадбачыўшы Яе на Маці свайго Сына. Марыя свабодная ад усялякага граху. Прачыстая, як кажуць на Ўсходзе.

Другая засцярога – гэта першы сон Юзафа, Яе Сужонага. Калі ён спазнаў, што Марыя чакае Дзіця, дык ягоныя чалавечыя думкі пабеглі да таго, як абараніць Марыю ад паклёпу, а нават і смяротнага прысуду майсеевага закону, што патрабаваў няверную жонку каменаваць, першы ж камень павінен быў кінуць здраджаны муж. Юзаф, як кажа Евангелле паводле святога Мацвея, «будучы справядлівым, жадаў аберагчы Марыю ад хлусні (ён жа ні сам не дакрануўся Яе, а таксама і не падазраваў Яе ні ў чым дрэнным, хаця і не разумеў таго, што здзейснілася). Дык вось, яму ў сне з’яўляецца анёл, які кажа, каб не баяўся ўзяць Марыі, бо з Ёй ёсць Боскае Дзіцятка. Марыя выратаваная ад паклёпу, а нават і ад смяротнай пагрозы.

Трэцяя засцярога – гэта як зноў ува сне анёл папярэджвае Юзафа, каб уцякаў з Езусам і Марыяй перад Ірадам, які хоча забіць Боскае Дзіця, бо баіцца за сваю каралеўскую ўладу.

Чацвёртая засцярога – калі прыносяць Боскае Дзіця ў святыню, каб Яго ахвяраваць, і Яно такім чынам зберажонае для нас, на выратаванне ўсяго свету ад грахоў.

Пятая ж засцярога – гэта калі пасля 5 дзён пошукаў Езус знойдзены сваімі зямнымі бацькамі ў ерузалемскай святыні, дзе прабываў у Боскай Мудрасці, навучаючы кніжнікаў.

Такім чынам можам сузіраць шлях Дзіцяці Ісуса, рыхтуючыся малітоўна да святаў.

Рымская літургія мае асаблівае служэнне на світанні кожнага дня – Рараты, што значыць Чаканне нябеснай Расы, на падабенства якой прыйдзе Збавіцель. Асаблівы адлік пачынаецца праз апошнія 7 дзён, пачынаючы ад 17 снежня. Ад першых гукаў літургіі дадзенага дня – гэта час, калі Бог кажа «Заўтра буду» (ERO CRAS). Хрысціянін заўсёды павінен быць гатовым сустрэць Яго.

Як падрыхтавацца да свята Раства? Адказвае праваслаўны святар

Як падрыхтавацца да свята Раства? Адказвае рэфармацкі пастар

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі