Як падрыхтавацца да Божага Нараджэння? Адказвае грэка-каталіцкі святар

б

Да святкавання хрысціянамі Раства засталося менш за месяц: 25 снежня яго будуць святкаваць па грыгарыянскім календары каталікі, пратэстанты і частка праваслаўных, 7 студзеня — большасць праваслаўных і вернікі некаторых усходнекаталіцкіх Цэркваў. Армянская Царква адзначае Раство Хрыстова 6 студзеня.

Напярэдадні ўрачыстасці шматлікія хрысціянскія Цэрквы ўступілі ў перыяд Каляднага посту. З 15 лістапада ён пачаўся ў вернікаў Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы, з 28 лістапада — Беларускай Праваслаўнай Царквы, а 29-га распачаўся Адвэнт ў беларускіх рыма-каталікоў, кальвіністаў і лютэран. Як лепш за ўсё падрыхтавацца да свята Нараджэння Хрыстовага, на што варта звяртаць увагу ў пост — пра гэта Krynica.info папрасіла расказаць пастыраў розных хрысціянскіх Цэркваў.

На нашы пытанні пра Адвэнт і Божае Нараджэнне адказвае айцец Аляксандр Шаўцоў, настаяцель грэка-каталіцкай парафіі святапакутніка Язафата ў Полацку:

– Надыходзіць час Калядаў. Перад святкаваннем Раства Хрыстовага, Царква прапануе хрысціянам падрыхтавацца да Свята подзвігам посту. Часта хрысціяне задаюцца пытаннем, як лепш перажыць калядны, ці іншы, пост, на што звярнуць асаблівую увагу, як лепей падрыхтавацца да Раства Хрыстовага. Змест такіх пытанняў прыводзіць мяне да такой думкі – чалавек хоча забяспечыць сябе пэўным правілам, рытуалам, калі хочаце, каб забяспечыць сабе больш менш заслужанае месца ў Валадарстве нябесным.

Давайце звернемся да Евангелля. Ісус Хрыстос таксама сустракаў такі падыход. Усе, хто прыходзіў да Ісуса, у сутнасці, задаюць Яму адно і тое ж пытанне, ясней за ўсё сфармуляванае невядомым «начальнікам»: «Што мне рабіць, каб успадкаваць жыцьцё вечнае?». Сама фармулёўка гэтага пытання мяркуе некаторае адзінае дзеянне. У арыгінале яно гучыць «што зрабіўшы, успадкую жыццё вечнае?». Задаючы такое пытанне Хрысту, мы звычайна не адчуваем, наколькі яно небяспечнае для звыклай плыні жыцця. Начальнік, відавочна, чакае прапановы ахвяраваць вядомую суму або выканаць некаторае культавае дзеянне. Пазней найвідавочным прыкладам такога дзеяння стане хадж: схадзі на пакланенне ў некаторыя месцы і заслужы ласку Ўсявышняга. Але для пераймання вечнага жыцця, якое належыць Богу, неабходна аддаць усё сваё жыццё. Менавіта гэта мае на ўвазе адказ Хрыста, які прапанаваў гэтаму чалавеку раздаць усё, што мае.

Гэта цяжка не толькі таму, што патрабуе на самой справе аддаць усё сваё жыццё для Бога, але яшчэ і таму, што страшна трапіць у рукі Бога жывога. Подзвіг даверу – адзін з самых цяжкіх і значных. Такім чынам такія пытанні ці стаўленне да посту, можна ператварыць у нейкі фармальны чын. Зазвычай хрысціянін пастанаўляе толькі на пост ад чагосьці адмовіцца – ад дрэнных слоў, думак, прасцей ад нейкай ежы, цяжэй ад нейкіх заганаў ці дрэнных звычак, яшчэ цяжэй развітацца з нейкім асноўным грахом. Але толькі на час посту, а што далей? Бо духоўны сэнс адмаўлення ад чагосьці не толькі на нейкі час, але на ўсё жыццё. Інакш духоўны сэнс посту губляецца і можа ператварыцца ў фарысейства, фарс. Можа, больш важным для сучаснага хрысціяніна звярнуцца да Слова Божага, Уцелаўленне Якога і ёсць сэнс разумення Нараджэння Збаўцы. І там знайсці адказы на ўсе пытанні. Прачытаць цяжкі для зразумення, ці прыняцця тэкст з Евангелля, лепш на роднай, беларускай мове, але працягнуць гэта і ў калядны час і не толькі. Развучыць старажытную, можа нават нікому не вядомую, беларускую калядку і спяваць яе ў калядны час. У час Раства памаліцца за Святую Зямлю (Палестыну), Айчыну Ісуса Хрыста, бо, як вядома, там так неспакойна. Але таксама і памаліцца за нашую Бацькаўшчыну Беларусь.

У час посту прысвяціць больш часу малітве, вядома ж, добрая справа. А вось перанесці гэты подзвіг далей на ўсё сваё жыццё сапраўды бывае цяжка. А неабходна, каб гэты малітоўны дух перарос у дабрадзейнасць, якую ніхто ад нас не адыме. Давайце старацца ўзрастаць у Духу, узнесціся над формай, якая ёсць толькі сродак, каб атрымаць Дух Закону, якім ёсць Любоў.

Як падрыхтавацца да Божага Нараджэння? Адказвае рыма-каталіцкі святар

Як падрыхтавацца да свята Раства? Адказвае праваслаўны святар

Як падрыхтавацца да свята Раства? Адказвае рэфармацкі пастар

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі