У Мінску ўзнагародзілі пераможцаў конкурсу “Жыццё пад сэрцам”

life (15)

У Мінску 19 снежня прайшло ўзнагароджанне ўдзельнікаў конкурсу журналісцкіх матэрыялаў пралайф-тэматыкі «Жыццё пад сэрцам», арганізаванага Супольнасцю хрысціянскіх журналістаў і блогераў (СХЖБ) пры падтрымцы партала Krynica.info.

Адкрываючы цырымонію, каардынатар СХЖБ Максім Гацак адзначыў, што сярод журы і пераможцаў конкурсу гэтага года праваслаўныя, каталікі і пратэстанты. І гэты факт адлюстроўвае імкненне хрысціян трох вядучых у Беларусі канфесій да адзінства ў пераадоленні сацыяльных выклікаў.

На праведзены ўжо ў другі раз конкурс прыслалі каля 20 матэрыялаў ад дзесяці аўтараў. З іх журы конкурсу – галоўны рэдактар ​​хрысціянскага часопіса «Надежда для тебя» Ларыса Жыбрык, каардынатар кампаніі «У абарону жыцця» Вольга Кавалькова і дырэктар дабрачыннай місіі «Чыстае сэрца» ксёндз Юрый Санько – выбралі лепшыя.

На першым месцы з 26 баламі з 30 магчымых артыкул Паўла Міцкевіча “Гінеколаг, якая сышла з прафесіі, каб не рабіць аборты: Убачыла адарваную далоньку немаўля і зразумела – не магу…”, апублікаваны на сайце «Комсомольской правды в Белоруссии». На другой пазіцыі адразу два артыкулы – “Жанчыне абяцаюць свабоду, але робяць яе адзінокай і няшчаснай” і “Кантрацэпцыя як крок да легалізацыі аднаполых шлюбаў і эўтаназіі”, якія набралі па 24 балы. Аўтар матэрыялаў Юлія Чырва апублікавала іх на партале sobor.by. На трэцім месцы Алена Шабуня з артыкулам “Дзіця, якое здавайся лішнім, стала любімым”. Апублікаваны на партале Krynica.info матэрыял набраў 22 балы членаў журы.

life (4)

Усім прызёрам былі ўручаны падарункі – ёлачныя цацкі з беларускім арнаментам, кнігі і часопісы ад выдавецтва “Жизнь” і рэдакцыі часопіса “Надежда для тебя”, камплекты з 7 дыскаў “Беларускі хрысціянскі хіт” і экалагічныя сумкі ў беларускім стылі. Уладальніку першага месца пісьменнік Аляксей Шэін падарыў асобнік першага беларускага рамана-фэнтэзі “Сем камянёў” з подпісам аўтара.

Адна з удзельніц журы, каардынатар кампаніі «У абарону жыцця» Вольга Кавалькова адзначыла, што конкурс “Жыццё пад сэрцам” ужо стаў часткай вялікай працы па абароне жыцця ў Беларусі. “Нас аб’ядноўвае тое, што мы хрысціяне, і хаця мы працуем у розных напрамках, але ўсе яны звязаны з абаронай жыцця, пра-лайф тэматыкай, – адзначыла Кавалькова. – Нехта ў журналісцкай сферы, нехта ў юрыдычнай, хтосьці ў сацыяльнай, але ўсе мы робім карысную для Беларусі справу. Сярод вынікаў гэтай працы змены ў заканадаўстве, змены ў свядомасці людзей, захаваныя жыцці дзяцей і дарослых”. Аднак поўнай перамогай, па ацэнцы Вольгі і іншых удзельнікаў цырымоніі, стала б поўная адсутнасць у беларускіх жанчын прычын і жадання рабіць аборты, і да гэтага яшчэ далёка.

У сваю чаргу, адна з узнагароджаных Юлія Чырва распавяла, што прыйшла ў беларускі пралайф-рух у 2012 годзе і адразу зразумела, што гэта не проста грамадская дзейнасць альбо прафесія, гэта лад жыцця. “Калі ты стаў пралайферам, – падзялілася Чырва сваімі перажываннямі, – ты ўжо не можаш апусціць рукі, гэта ўжо твой крыж».

Крысціна Пракурат, Krynica.info, фота Paval Hadzinski

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі