Беларускія біскупы ў ноч Раства нагадалі вернікам аб сэнсе новага прыйсця Госпада

исусБіскуп Пінскі Антоній Дзям’янка 24 снежня у свята Нараджэння Госпада ўзначаліў Святую Імшу ў катэдральным касцёле Нараджэння Панны Марыі ў Пінску.

«Маленькі і бездапаможны Хрыстос у ясельках з’яўляецца для нас знакам таго, што мы не адзінокія ў свеце, добры Бог заўсёды пры нас», – звярнуўся герарх да вернікаў, жадаючы ім «большага даверу Богу».

Па словах біскупа, «Бог чарговы раз дае шанс, каб пазналі Яго ў нашай штодзённасці, прынялі і занеслі тым, хто яшчэ Яго шукае».

Біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч узначаліў святочную Імшу ў гродзенскім катэдральным касцёле святога Францішка Ксаверыя.

«Спатканне з Ісусам у стаенцы мае асаблівы характар, адрозніваецца ад іншых сустрэчаў. У будучыні да Ісуса будуць прыходзіць людзі, каб нешта ад Яго атрымаць. Пракажоныя будуць шукаць ачышчэння, сляпыя — прасіць аб атрыманні зроку, паралізаваныя — аб здароўі рук і ног. У Бэтлееме ж інакш. Тыя, хто прыходзіць, не шукаюць падтрымкі, але самі стараюцца штосьці даць ад сябе. Пастухі аддаюць паклон Дзіцятку Ісусу, не чакаючы нічога ўзамен».

Дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі ў ноч Раства ўзначаліў Святую Імшу для вернікаў лідскай парафіі Узвышэння Святога Крыжа (Фарнага касцёла).

«Нас нанова ўзрушвае той факт, што Бог стаў Дзіцяткам, каб мы маглі Яго любіць, як Дзіця аддаецца з даверам у нашы рукі», – падкрэсліў герарх, адначасова выказаўшы жаль аб тым, што «мы жадаем рэчаў, да якіх можна дакрануцца, спаўнення асабістых планаў», але «у нас няма месца для іншых, для дзяцей, бедных, самотных або вязняў».

«Калі зневажаецца дадзеная Богам годнасць чалавека, ён перастае быць вобразам Бога, які мы павінны шанаваць у чалавеку слабым, адзінокім, бедным, – падкрэсліў біскуп Станеўскі. – Але калі святло Бога заяснее над чалавекам і ў чалавеку, то яго годнасць становіцца непарушнай».

Таксама герарх заклікаў маліцца аб тым, каб хрысціяне, мусульмане і ўсе людзі добрай волі супольна будавалі сваю будучыню ў Божым супакоі.

Дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, вікарый для Магілёўскага рэгіёну Аляксандр Яшэўскі SDB узначаліў святочную Імшу ў катэдральным касцёле Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і святога Станіслава ў Магілёве.

Імшы папярэднічала інсцэніроўка, падрыхтаваная моладдзю, па сканчэнні якой фігурка Дзіцяткі Ісуса пад суправаджэнне плачу немаўляці была ўрачыста пакладзеная ў падрыхтаваныя яслі ў бочным алтары.

«Гэты сапраўды прашываючы сэрца плач нованароджанага дзіцяці вельмі яскрава адлюстроўвае праўду, што Бог нарадзіўся слабым і бяссільным, каб мы не баяліся Яго, нарадзіўся з любові, каб мы не сумняваліся ў Яго любові, нарадзіўся ноччу, каб мы паверылі, што Ён можа асвятліць рэчаіснасць, пакрытую цемрай, нарадзіўся ў простасці, каб мы не былі ўнутрана заблытанымі».

Біскуп Віцебскі Алег Буткевіч узначаліў святкаванні ў віцебскіх катэдральным касцёле Ісуса Міласэрнага.

Віншаванні герархаў Рыма- і Грэка-каталіцкай Царквы можна пабачыць тут.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі