Прынц Чарльз: Хрысціянства можа быць выгнана з сваёй калыскі на працягу пяці гадоў

Брытанскі прынц Чарльз заявіў, што на працягу пяці гадоў хрысціянства можа быць цалкам знішчана на Блізкім Усходзе, сваёй радзіме, калі хрысціянам у значным маштабе не будзе аказана міжнародная дапамога.

Па словах прынца Чарльза, адной з найважнейшых задач для сусветнай супольнасці з’яўляецца захаванне духоўнай і культурнай спадчыны блізкаўсходняга хрысціянства для будучых пакаленняў.

Аналагічныя заявы ўжо былі зробленыя іерархамі іракскіх і сірыйскіх цэркваў. Так, мітрапаліт мелькіцкай архідыяцэзіі Алепа Жан-Клеман Жанбарт заявіў у кастрычніку гэтага года, што зыход хрысціян з Блізкага Ўсходу прыняў «апакаліптычныя і фатальныя маштабы», назваўшы выгнанне хрысціян «дэпартацыяй, якая выракае хрысціян на зневажальнае двухтысячагадовае выгнанне». Царкоўны лідар таксама абвінаваціў заходнія ўрады ў «бачнай абыякавасці або несправядлівасці» ў дачыненні да бежанцаў.

Прынц Чарльз і раней выказваўся ў абарону хрысціян Блізкага Усходу, заявіўшы ў снежні 2013 года, што сітуацыя дасягнула «крызіснай кропкі». «Мы не павінны забываць пра нашых блізкаўсходніх братоў і сёстраў у Хрысце», — заклікаў ён тады.

Па матэрыялах Christian Post.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі