Біблейская філатэлія. Нарадзіўся вам сёння Збаўца

1Слова сталася целам і пасялілася між намі.” Ян 1:14

За сотні гадоў да нараджэння Хрыста ў Бібліі былі запісаныя словы прарокаў Ізраіля, якія прадказвалі Яго прышэсце. У Старым Запавеце, які пісаўся многімі людзьмі на працягу 1500 гадоў, змешчана больш за 300 прароцтваў гэтай падзеі. Першае з іх выказана з вуснаў Бога ў прысудзе змею. Гэта быў план выратавання грэшнага чалавека і вяртання яму бессмяроцця: ”І варожасць пакладу паміж табою і паміж жанчынаю, і паміж семем тваім і паміж семем яе: яно будзе біць цябе ў галаву, а ты будзеш джаліць яго ў пяту.” (Быццё 3:15).

Калі Марыя была ўжо цяжарнай, выйшаў загад рымскага кесара Аўгуста. Дзе хто не жыў, дзеля перапісу павінен прыйсці ў тое месца, дзе жылі яго продкі. Язэп і Марыя паходзілі з роду цара Давіда, таму павінны былі ісці ў Віфлеем.

UNITED KINGDOM - CIRCA 1981: A British Used Christmas Postage Stamp showing Childrens Picture of Joseph and Mary Arriving in Bethlehem, circa 1981

У 1981 годзе пошта Велікабрытаніі выпусціла серыю марак “Каляды вачыма дзяцей”. На адной з іх Язэп і Марыя набліжаюцца да Бэтлеему.

3 2000На марцы Новай Зеландыі, надрукаванай у 2000 годзе, цяжарная Марыя на осліку ў суправаджэнні Язэпа вандруюць да Бэтлеему.

4 1969Ад Назарэта да Віфлеема было болей двухсот кіламетраў. Такое падарожжа ў тыя часы патрабавала некалькі дзён праз гарыстую Самарыю. Мастак Пітэр Брэйгель (Нідэрланды, Фландрыя) у 1566 г. намаляваў карціну Перапіс у Віфлееме( Брусэль. Каралеўскі музей вытанчаных мастацтваў). Пошта Бельгіі ў 1969 г. выпусціла марку, на якой вылучыла з карціны дэталь – Язэпа з Марыяй, якіх цяжка знайсці на карціне недасведчанаму гледачу.

5 Панама 1997

А пошта Панамы на марцы (1997 г.) адлюстравала, як Марыя і Язэп шукаюць жыллё ў Бэтлееме.

Пакуль цяжарная Марыя змагла дабрацца да месца, ўсе дамы былі запоўнены прыйшоўшымі людзьмі. Свабоднай была толькі пячора, куды заганялі авечак у час непагоды.

Тут у пячоры, уся мэбля якой складалася з ясляў з саломай, нараджаецца Збаўца. Слова становіцца целам і пасялілася між намі, Бог становіцца чалавекам. Многа разоў у розныя спосабы Бог прамаўляў да чалавека. Цяпер прамовіў да нас праз Свайго Сына!

Так Бог умілаваў свет, што Сына свайго Адзінароднага даў, каб кожны, хто ў Яго верыць не загінуў, але меў жыццё вечнае.

Дзень Божага нараджэння ад IV веку, часу ўстанаўлення гэтага свята, стаў днём асабліва ўрачыстым у свеце хрысціянскім. Сама падзея нараджэння Ісуса Хрыста апісана вельмі суха ў Евангеллях Мацьвея ( 1:18-25) і Лукаша (2:1-7). Людская набожнасць патрабавала больш шырокага апісання Божага Нараджэння. Гэта прывяло да шматлікіх проб адлюстравання гэтай тэмы ў розных формах мастацтва, пачынаючы з сярэдніх вякоў да цяперашняга часу. Многія з твораў паслужылі ілюстрацыямі да шматлікіх паштовых марак, якія выпускаюцца амаль ва ўсіх краінах свету. На марках з’яўляюцца відарысы твораў Рафаэля і Джота, Дзюрэра і Леанарда да Вінчы, Мікеланджэла і Тыцыяна, Батычэлі і Рубенса, Берніні і Пусэна, Рэмбранта і Караваджа…

6 нарадзіўсяБожае Нараджэнне на марцы пошты Парагваю з 1971 г. з выявай карціны Конрада фон Суста (1404 -?) (Konrad von Soest)

У першай палове XV стагоддзя асаблівых рысаў набрала сцэна нараджэння Хрыста, якая атрымала назву “Ушанаванне Дзіцяткі”. Стала яна адной з найважнейшых ілюстрацый тэмы прышэсця Ісуса на свет.

7Першая марка, прысвечаная Божаму Нараджэнню, з’явілася 7 снежня 1898 года. Пошта Канады выпусціла марку (Мі. 74), на каторай адлюстравана карта свету з надпісам CHRISTMAS. Гэта марка дала пачатак новай тэме ў філатэліі. З таго часу колькасць марак, прысвечаных Божаму Нараджэнню, вырасла да тысяч і выдаецца поштамі, хіба, усіх краін свету. З-за немажлівасці адлюстраваць і апісаць такую колькасць марак, прапануем толькі выбраныя некалькі прыкладаў.

8У 1986 годзе пошта Германіі выпусціла марку і картмаксімум (паштоўка з наклеенай на вонкавай старане маркай з такім самым матывам, пагашанай паштовым штэмпелем такога ж матыву) з відарысам Ортэнбергерскага Алтара (Ortenberger Altar) з 1430 года. Цудоўны вобраз укленчанай Марыі у ціхім ушанаванні і малітве перад ляжачым маленькім Дзіцяткам. Марыя нарадзіла Яго ў спосаб надпрыродны і першая аддала ўшанаванне і паклон Дзіцятку, абнятаму прамяністай глорыяй, згодна са словамі Святога Пісьма: “Якога парадзіла і ўшанавала…”. Дзіцятка, лежачы ў яслях з правай рукой у жэсце бласлаўлення, сімвалізуе Боскасць і паўнату розуму ад хвілі Свайго нараджэння. Паказаная далей стайнячка, вельмі убогая , сімвалізуе руіны дому Давіда, які калісьці быў каралём, і надыход новай эпохі. Бо нарадзіўся Той, Чыё каралеўства будзе “зацверджана навекі”, Які збудуе “новы дом”.

9 Польша 1998Амаль люстраное адбіццё малюнка з маркі Германіі мы бачым на выпушчанай у 1998 годзе марцы пошты Польшчы. Ілюстрацыя ўзята з Алтара Грудзяцкага (каля 1390 г.), які захоўваецца ў Музеі Народным у Варшаве.

10Карціна, намалёваная мастаком Антоніо Карэджа (1489-1534) больш за сто гадоў пазней, поўнасцю захоўвае папярэднюю сімволіку. Карціна адлюстравана на адным з самых вялікіх блокаў (173х235 мм), які выпушчаны поштай Карэі ў 1983 годзе.

11НарадзіўсяПершая беларуская марка, прысвечаная нараджэнню Ісуса Хрыста, надрукавана 23 снежня 1997 года. На марцы адлюстраваны звычай калядавання на свята Божага Нараджэння, калі каляднікі ў калядных строях і з Віфлеемскай зоркай абходзяць дамы веруючых і спяваюць Калядныя песні.

Святы час Божага Нараджэння злучае нашы думкі і сэрцы, аб’ядноўвае нас сілаю міласці Бога да чалавека і чалавека да Бога, напаўняе радаснай удзячнасцю, якую прыносім Айцу за Яго неабсяжную міласць да людзей, каторую аб’явіў у сваім Сыне.

Нарадзіўся голы, гаворыць Бог, каб ты мог вырачыся самога сябе.

Нарадзіўся ўбогі, каб ты мог лічыць Мяне адзіным багаццем.

Нарадзіўся ў стаенцы, каб ты навучыўся асвячаць кожнае месца.

Нарадзіўся слабы, каб ты ніколі Мяне не баяўся.

Нарадзіўся з любові, каб ты ніколі не ўсамніўся ў Маёй любові.

Нарадзіўся ноччу, каб ты паверыў, што магу асвяціць усялякую рэчаіснасць, ахутаную цемрай.

Нарадзіўся ў абліччы чалавека, гаворыць Бог, каб ты ніколі не саромеўся быць сабою.

Нарадзіўся як чалавек, каб і ты мог стаць сынам Божым.

Нарадзіўся, церпячы пераслед з самага пачатку, каб ты навучыўся прымаць усялякія цяжкасці.

Нарадзіўся ў беднасці, каб ты быў просты ў адносінах да людзей.

Нарадзіўся ў тваім чалавечым жыцці, гаворыць Бог, каб усіх людзей прывесці да дома Айца.”

Лявон Карповіч. Луна -Воля.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі