У Мінску на Раство кафедральны сабор «ахоўваў» аўтазак

автозакУ Мінску ўвечары 6 студзеня напярэдадні Раства аўтазак, у якіх звычайна перавозяць затрыманых на масавых акцыях, быў заўважаны ля кафедральнага Свята-Духава сабора.

«Старажытная беларуская традыцыя — на Каляды і Вялікдзень выстаўляць каля храмаў аўтазакі. Яны адпужваюць нячыстую сілу», — напісаў у сваім акаўнце ў Фэйсбуку мінчанін Глеб Патапенка, размясціўшы фатаграфію аўтазака, паведамляе charter97.org.

Юрыст і праваабаронца Тамара Сяргей 7 студзеня не змагла трапіць у Свята-Духаў сабор у час, калі там знаходзіўся Аляксандр Лукашэнка. Жанчыну затрымалі для праверкі дакументаў, абвінаваціўшы ў тым, што яна спрабавала прайсці на «закрытае мерапрыемства».

Каля поўдня, падыходзячы да Свята-Духава кафедральнага сабора, Тамара Сяргей ўбачыла, што прыступкі ў брукаваных тратуараў, якія вядуць да праваслаўнай святыні з боку вуліцы Няміга, перакрытыя металічнымі бар’ерамі, каля якіх знаходзяцца міліцыянты ў форме і невядомыя ў цывільным.

«Я вырашыла, што яны будуць праводзіць звычайны дагляд вернікаў, але, падышоўшы да бар’ераў, даведалася ад аховы, што да 13.00 допуск у сабор адбываецца толькі па запрашэннях. Паколькі да пазначанага часу заставалася амаль цэлая гадзіна, я адмовілася ад свайго першапачатковага намеру і пайшла на станцыю метро «Няміга». Аднак перад турнікетам метро мяне дагналі два невядомых у цывільным. Яны запатрабавалі прайсці з імі. На маё пытанне «У чым справа?», мне заявілі, што я хацела прайсці на закрытае мерапрыемства. Я была вельмі здзіўленая і патлумачыла, што збіралася прайсці ў сабор, а не на закрытае мерапрыемства, і задала пытанне «Якое закрытае мерапрыемства можа адбывацца ў храме на Божае Нараджэнне?», — распавядае жанчына.

Далей дакументы жанчыны праверыў капітан міліцыі УУС Мінгарвыканкама Руслан Мыслівец, які затым папрасіў прабачэння за інцыдэнт.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі