Макар і Хрысціна Пуцікавы – беларусы, якія загінулі за веру ў Расіі

веліжаны

Макар Данілавіч Пуцікаў, які ў 1914 годзе выязджаў разам з сям’ёй з роднай беларускай вёскі ў далёкую расійскую Сібір, і ўявіць не мог, чым для яго і яго сваякоў скончыцца гэты пераезд.

32-гадовы беларускі селянін з вёскі Хімы Бабруйскага павету Мінскай губерні павабіўся на абяцанні расійскага ўлады пра славутую новую зямлю і разам з жонкай Марфай Аляксандраўнай ды пяццю дзяцьмі – Хрысцінай, Марынай, Міколам, Аляксеем і Мітрафанам накіраваўся ў далёкую Сібір. Пасяліўся ён Баітаўскіх хутарах на тэрыторыі сучаснай Цюменскай вобласці.

Жыццё ішло сваёй чаргой, Макар Пуцікаў працягваў займацца земляробствам, нараджаліся новыя дзеці: у 1915 годзе – Васіль, 1918-м – Фёкла, 1921-м – Марыя, 1923-м – Пятро, 1925-м – Наталля. І ўсё б нічога, калі б да ўлады ў Расіі не прыйшлі бальшавікі, якія пастанавілі “забыць імя Бога” ў СССР. Пік атэістычных рэпрэсій прыйшоўся на 1932-1937, бо менавіта на 1 траўня 1937 года быў запланаваны ўрачысты трыумф “бязбожнай пяцігодкі”.

І менавіта ў гэты час, у красавіку 1935 года, Макар Пуцікаў стаў царкоўным вартаўніком у суседнім сяле Веліжаны. Ахрышчаны 31 студзеня 1882 года ў беларускім Паўловічах, ён і на чужыне заставаўся верным праваслаўнай веры. Гэта савецкая бязбожная савецкая машына не даравала. 27 сакавіка 1937 года вартаўнік царквы быў арыштаваны. Яму былі прад’яўленыя абвінавачанні паводле артыкулу 58 пункт 10 Крымінальнага кодэксу РСФСР у тым, што “вёў контррэвалюцыйную агітацыю супраць калгасаў, усхавляў аднаасобнае жыццё, распаўсюджваў паразніцкую агітацыю, выказваў пагрозы тэрхарактару ў дачыненні сельскага актыву”. “Узначальваў царкоўную раду, ладзіў незаконныя зборы грашовых сродкаў сярод насельніцтва на рамонт царквы”, – гаворыцца ў яго справе.

І вось за словы і збор грошаў на рамонт царквы 5 верасня 1937 года тройкай НКУС па Омскай вобласці Макару Пуцікаву быў вынесены прысуд – расстраляць. Выкананы ён быў праз тры дні ў Цюмені.

Пакуль ён знаходзіўся ў турме, была арыштаваная яго старэйшая дачка – 34-гадовая Хрысціна Пуцікава, якая ўслед за бацькам працавала прыбяральшчыцай і вартаўніцай у Веліжанскай царкве. Па яе прыйшлі 30 ліпеня 1937 года. 10 кастрычніка яе прызналі вінаватай у тым, што “з’яўляючыся актыўнай сяброўкай контррэвалюцыйнай паўстанцкай арганізацыі, выконвала загады кіраўніка контррэвалюцыйнай арганізацыі. Выказвала сярод царкоўнага актыву сваё незадавалненне існым ладам, чакаючы пры гэтым на змену савецкай улады. Выказвала паразніцкія настроі”. Прысуд такі ж як і ў выніку з бацькам – расстрэл. Прыведзены ў выкананне ён быў 14 кастрычніка  таксам ў Цюмені.

У матэрыялах ФСБ месцы пахаванняў Пуцікавых непазначаныя, але згодна з дакументамі, масавыя пахаванні ў Цюмені ладзіліся ўва ўсходняй частцы Цякуцьеўскіх могілак, якія да сённяшняга часу не захаваліся, патрапіўшы ў зону прамысловай забудовы; а таксама ў заходняй частцы Зацюменскіх могілак (раён асфальтавага заводу).

Між тым праз 22 гады пасля расстрэлу – 11 ліпеня 1959 года справу ў дачыненні да Хрысціны Пуцікавай спынілі, адмяніўшы рашэнне суду ад 10 кастрычніка 1937 года. Макар Пуцікаў быў рэабілітаваны толькі 12 траўня 1989 года.

Што тычыцца Веліжанскай царквы, то спачатку яна выкарыстоўвалася ў якасці клубу, а ў 1950-я гады была ўвогуле разбураная. Рэлігійнае жыццё ў Веліжанах адрадзілася толькі ў 2011 годзе, а першыя богаслужэнні прайшлі ў 2012 годзе.

Максім Гацак

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі