Члены мінскай царквы Ісуса Хрыста прысвяцілі калядныя святы служэнню патрабуючым

павловская

10 студзеня мінская царква Ісуса Хрыста (хрысціяне поўнага Евангелля) упершыню ў 2016 годзе сабралася на агульнае набажэнства. Перад хлебапраламленнем служыцель царквы Таццяна Мураўёва, адзначыўшы, што кроў Ісуса Хрыста вызваліла людзей ад улады граху і змяніла ўзаемаадносіны паміж людзьмі, заклікала пакінуць узаемныя крыўды, сваркі, нянавісць і напоўніцца Божай любоўю. «Менавіта гэта зробіць нас моцнымі», – адзначыла яна.

Служыцель намётавага служэння Алёна Паўлоўская распавяла аб сацыяльных праектах, рэалізаваных за час калядных святаў. Удзельнікі служэння пабывалі ў чатырох сацыяльных установах, павіншавалі дзяцей з маламаёмных сем’яў, аказвалі дапамогу бяздомным. Служыцеляў яшчэ чакаюць у інтэрнатах, на сацыяльных ложках. У бліжэйшы час будзе аказана дапамога неданошаным кінутым дзецям. Алёна Паўлоўская падзякавала ўсім, хто аказаў падтрымку ў рэалізацыі праектаў, і заклікала далучацца да служэння ўсіх неабыякавых людзей, перадае jesuschurch.by.

Святлана Новікава распавяла аб нядаўнім Калядным фэсце сям’і, адным з арганізатараў якога выступіла царква Ісуса Хрыста.

Аб выніках місіянерскай практыкі каманды зімовага лагера «Наперад» распавяла лідар служэння «Царскія дзеці» Ганна Дригайло. Тры каманды падлеткаў наведалі гарады Крычаў, Чэрыкаў і Паставы, дзе прапаведавалі ў дамах састарэлых, маліліся за вылячэнне людзей. Місіянерская праца запаліла сэрца служыцеляў мясцовых цэркваў, якія пажадалі і далей служыць у сацыяльных установах.

Не засталіся ў баку ад евангелізацыйнага служэння і лідары царквы. Як адзначыў пастар царквы Ісуса Хрыста Дзмітрый Зяленскі, 28 снежня члены пастарскага савета наведалі дом-інтэрнат у Дражні, дзе звеставалі і маліліся за хворых.

У сваім пасланні пастар адзначыў, што тыя планы, якія мы выношваем у сэрцы, безумоўна, будуць атакаваныя сатаной, які ўсяляк пярэчыць іх ажыццяўленню. Пры гэтым ён заклікаў не перабольшваць яго магчымасці перашкодзіць іх ажыццявіць, але і не ігнараваць іх. Лепшы спосаб пазбегнуць пастак д’ябла – спасцігаць ісціну Божую праз чытанне Бібліі і зносіны Святога Духа, адзначыў пастар, дадаўшы, што для кожнага Божага плана ёсць пэўны час яго ажыццяўлення, і не трэба прыспешваць падзеі.

А ў царкве ХПЕ «Новае Жыццё» 10 студзеня пасля праслаўлення служыцель царквы Аляксей Языкоў звярнуўся да вернікаў з пасланнем пра важнасць ахвярнасці для жыцця хрысціяніна. Ён заклікаў «быць супрацоўнікамі Бога ў Яго цудзе, удзельнічаючы сваімі фінансамі, дарункамі і талентамі ў Божай справе», паведамляе newlife.by.

У сваю чаргу старшы пастар Вячаслаў Ганчарэнка казаў пра праведнасць. Ён адзначыў, што «праведнасць – гэта жыццё, прыемнае Богу. Вера – гэта стан сэрца. Праведнасць па веры – гэта стан вашага сэрца, які ўгодны Богу».

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі