Пасля тыдня маўчання нямецкія біскупы адрэагавалі на інцыдэнт у Кёльне

Праз тыдзень пасля таго, як у навагоднюю ноч у Кёльне на сотні людзей былі здзейсненыя напады, кардынал Райнхард Маркс, арцыбіскуп Мюнхена і Фрайзінгу, а таксама старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Германіі, асудзіў нападнікаў і заклікаў да большай пільнасці ў будучыні.

«Здарэнне ў Кёльне і іншых буйных гарадах глыбока ўзрушылі наша грамадства і з ім ні ў якім разе нельга мірыцца», – заявіў Маркс. – Мы патрабуем больш падрабязнай інфармацыі і канкрэтных дзеянняў ад уладаў».

Больш за 500 заяваў, каля 40% якіх – па факце сэксуальных дамаганняў, было пададзена ў нямецкую паліцыю пасля шматлікіх нападаў, якія адбыліся ў навагоднюю ноч на плошчы каля Кёльнскага чыгуначнага вакзалу.

Мяркуючы па ўсім, жанчыны падвяргаліся наўмысным нападам вялікіх груп выхадцаў з краін Блізкага Усходу і Паўночнай Афрыкі.

Інцыдэнт выклікаў шырокі рэзананс на нацыянальным і міжнародным узроўні, паліцыя абвінавачвалася ў спробах замяць справу, а далейшае расследаванне паказала, што многія нападнікі трапілі ў краіну ў якасці імігрантаў.

8 студзеня кардынал Маркс заявіў, што новыя праявы гвалту, асабліва негуманнае абыходжанне з жанчынамі, нельга трываць.

Начальнік паліцыі Кёльна Вольфганг Альберс ужо паплаціўся за інцыдэнт сваёй пасадай 11 студзеня.

Паводле аднаго з паліцэйскіх пратаколаў, якія трапілі ў прэсу, адзін з затрыманых крычаў: «Я сірыец, таму абыходзьцеся са мной добра. Мяне запрасіла пані Меркель».

Па матэрыялах CNA.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі