Рымашэўскі: кіраўніцтва Беларусі вядзе беларускі народ да вымірання

5 з'езд БХД_15

Выказванне памочніка прэзідэнта Беларусі Кірыла Рудага аб мэтазгоднасці скарачэння тэрміну дагляду за дзіцём з двух да трох гадоў прывядзе беларускі народ да вымірання. Пра гэта заявіў сустаршыня аргкамітэту па стварэнні партыі “Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя” Віталь Рымашэўскі.

Ён адзначыў, што дзіцячыя садкі ў Беларусі і так перапоўненыя, а якасць аказання паслуг па даглядзе за дзецьмі на самым нізкім узроўні, бо ў ясельных групах не хапае кваліфікаваных кадраў, у тым ліку з прычыны мізэрных заробкаў выхавацеляў. Сем’і ж, якія заўчасна аддаюць дзяцей у дзіцячыя садкі, вымушаныя браць вялікую колькасць бальнічных аркушоў з-за частых хваробаў дзяцей, паведамляе Bchd.info.

“Перад тым, як казаць пра скарачэнне тэрміну па даглядзе за дзіцём, прынамсі, трэба прывесці сістэму дашкольнага выхавання дзяцей у належны стан, каб яна не калечыла псіхіку дзіцяці і магла забяспечыць яму неабходнае выхаванне. Для гэтага патрэбныя і годныя заробкі для выхавацеляў, і групы колькасцю 5-7 дзяцей, а не па 30 чалавек”, — адзначыў Віталь Рымашэўскі.

Сустаршыня БХД падкрэсліў, што нараджальнасць у Беларусі ўпала катастрафічна. “Даведзеныя да галечы бяздарнай палітыкай дзеючага ўраду і карумпаванай сістэмай, беларусы не могуць забяспечыць сваю сям’ю жытлом і даходам, каб колькасць дзяцей у сем’ях была большай. І на гэтым фоне заявы чыноўнікаў, дзеці многіх з якіх вучацца за мяжой ды знаходзяцца цалкам на дзяржаўным забеспячэнні, выглядаюць удвая больш цынічна”, — дадаў ён.

Паводле яго, у ніякім разе нельга памяншаць тэрмін па даглядзе за дзіцём, бо гэта прывядзе да яшчэ большага скарачэння нараджальнасці ў Беларусі.

“Кіраўніцтву Беларусі трэба думаць не аб тым, як знайсці новыя спосабы рабаўніцтва народу, не прыдумляць, якіх чарговых сацыяльных ільгот пазбавіць беларусаў, а рэфармаваць беларускую эканоміку і беларускую палітычную сістэму. І пачаць трэба з магчымасці беларусаў абіраць сабе ўладу на свабодных і дэмакратычных выбарах”, — заключыў Віталь Рымашэўскі.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі