Курсы “Дыджэяў Адраджэння”: Мы дапамагаем беларусу раскрыць сваё пакліканне

ды-джэі адраджэння 9

26 студзеня ў Мінску а 18.00 на ”Арт-Сядзібе” (праспект Незалежнасці, 58, офіс 430) пачнуцца адноўленыя курсы Ды-джэяў Адраджэння. У інтэрв’ю Krynica.info заснавальнік курсаў, сустаршыня БХД Павал Севярынец распавёў пра гісторыю стварэння ды мэты гэтай адукацыйнай лідарскай праграмы.

— Гэта праграма для моладзі, якая паклікана рыхтаваць актыўных грамадскіх лідараў у галіне беларусізацыі на хрысціянскіх прынцыпах. Рыхтуюцца людзі, якія могуць праводзіць яскравыя імпрэзы, канцэрты, арганізоўваць разнастайныя шоў, быць грамадскімі лідарамі, крэатывіць у галіне PR — і пры гэтым закладваць каштоўнасны падмурак для маладога пакалення. Мы дапамагаем беларусу раскрыць сваё пакліканне – а яно ў кожнага сваё.

 — Якія накірункі распрацоўваюцца на курсах?

— Падрыхтоўка вядзецца адразу па некалькіх кірунках: як правільна выступаць, як трымаць увагу аўдыторыі, як пераконваць і натхняць людзей, інфармацыйныя тэхналогіі, псіхалогія масавая ды індывідуальная, практычныя выпрабаванні. Будучыя ды-джэі адпраўляюцца, так бы мовіць, «з парашутам” у глыбокія беларускія мястэчкі, каб праводзіць там шоў Беларушчыны, камандна робяць акцыі, якія павінны трапіць у нацыянальныя СМІ, арганізоўваюць віктарыны і гэтак далей.

— У чым «разынка” навучання?

— Увесь працэс заснаваны на тым, што за кожнае хатняе заданне, за кожнае выпрабаванне, за кожны выступ ды-джэям налічваюцца балы. Пачатковы рэйтынг даецца пасля тэсту. І 12 лепшых – паводле гэтага рэйтынгу – урэшце становяцца пераможцамі курсаў. Фактычна, на выпрабаваннях 1 бал налічваецца за кожнага чалавека, які прыняў удзел у імпрэзе. Летась, падчас дыджэйскай гонкі пераможцы —  экскурсавод Павел Дзюсекаў і кіраўнік інтэрнэт-крамы “Імбрык бай” Алесь Мазанік мелі па 2189 і 2037 балаў адпаведна. Паўлу, каб перамагчы, давялося арганізаваць больш як 90 віктарынаў у мінскіх школах – а гэта, пагадзіцеся, цэлая асветніцкая хваля.

— Як гэта ўсё пачыналася?

— Пачыналася ўсё ў 1999-м у легендарным Маладым Фронце. За ўсю гісторыю курсаў было падрыхтавана  109 ды-джэяў. Сярод іх — кіраўніца Маладога Фронту Наста Палажанка, лідары «Маладой Беларусі» Артур Фінькевіч і «Альтэрнатывы» Алег Корбан, пераможца міжнароднай алімпіяды па гісторыі Сяржук Васільеў, кіраўнікі Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Дзяніс Садоўскі, Вольга Кавалькова, Павел Пракаповіч, прэс-сакратар Беларускай асацыяцыі журналістаў Барыс Гарэцкі, чэмпіён Беларусі ў пажарным спорце Мікалай Тамашэвіч, міжнароднік Сяржук Лісічонак, грамадскія «зоркі» Андрэй Кім, Алесь Мазанік, Павел Дзюсекаў, Алёна Валынец, Ірына Губская, Наталля Васілевіч, Кірыла Шык, журналісты Кастусь Шыталь, Віталь Зыблюк, Аксана Рудовіч… Гэтыя курсы у нас назвалі падрыхтоўкай «духоўнага спецназу”.

— Для чаго маладому беларусу траціць свой час на такую падрыхтоўку?

— Курсы Ды-джэяў Адраджэння – гэта элітная праграма экстрым-кшталтавання. Расія, Лукашэнка, людская млявасць і абыякавасць да жыцця так проста нам Беларусь не аддадуць. Тут патрэбны духоўны гарт, топавыя напрацоўкі ў галіне лідарскіх і інфармацыйных тэхналогій, выпрабаванні з кансультацыйнай падтрымкай ды-джэяў «са стажам”. Ды-джэйскія курсы – гэта 12 тыдняў, якія дапамогуць зэканоміць некалькі гадоў самастойных высілкаў, умацаваць падмурак свайго паклікання, сфармаваць бачанне і згуртавацца з аднадумцамі й паплечнікамі. Так што запрашаем: аўторак, 26 студзеня, 18.00, “Арт-Сядзіба”.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі