Архімандрыт Сяргей Гаек: Экуменізм мае на ўвазе еднасць хрысціянаў, а не еднасць Царквы

гаекНа думку Апостальскага візітатара для грэка-каталікоў Беларусі архімандрыта Сяргея Гаека, экуменізм, які з’яўляецца мэтай  Тыдня малітваў аб еднасці хрысціянаў, які з 18 па 25 студзеня перажывае Каталіцкая Царква, тычыцца еднасці хрысціянаў, а не еднасці Царквы.

“Адзіная, Святая, Саборная і Апостальская Царква існуе, але, на жаль, хрысціяне падзеленыя», – кажа іерарх, нагадваючы, што Другі Ватыканскі Сабор ў Дэкрэце апісаў экуменічны рух як дзейнасць і ініцыятывы, «пакліканыя садзейнічаць еднасці хрысціянаў”, адносячы да такіх ініцыятываў “аб’ектыўнае ўзаемнае пазнанне, а пазней – дыялог паміж належным чынам падрыхтаванымі прадстаўнікамі розных хрысціянскіх канфесіяў”, паведамляе catholic.by.

Не палягае сумневу, кажа архімандрыт Гаек, што ў цэнтры такога дыялогу павінныя стаяць асоба Ісуса Хрыста і Яго Евангелле, “у святле якога хрысціяне павінны шукаць адказы і вырашэнні тэарэтычных і практычных праблемаў». Але папярэднічаць такому дыялогу павіннае прымірэнне паміж хрысціянамі, – падкрэслівае іерарх, нагадваючы, што і супольнасць Тэзэ кажа, найперш, не пра экуменізм, а пра прымірэнне паміж хрысціянамі.

Сярод іерархаў, якія шмат зрабілі для пацяплення адносінаў паміж каталікамі і праваслаўнымі, архімандрыт Гаек называе кардынала Казіміра Свёнтэка, мітрапаліта Філарэта, біскупа Уладзіслава Бліна, мітрапаліта Кандрусевіча. “Застаецца, аднак, духоўная сфера, дзе можна зрабіць значна больш», – кажа прадстаяцель беларускай Грэка-каталіцкай Царквы, на думку якога назіраецца і «умацаванне канфесійных пазіцыяў», калі « ствараецца ўражанне, што 25 гадоў таму ў Беларусі было лягчэй арганізаваць сумесную малітву каталікаў і праваслаўных, чым сёння».

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі