Каталіцкае духавенства Магілёўскай вобласці спаткалася ў новай капліцы ў Горках

спатканнеУ Горках 21 студзеня адбылося спатканне каталіцкага духавенства ўсходняй часткі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.

Сустрэча распачалася духоўнай канферэнцыяй, якую падрыхтаваў духоўнік святароў магілёўскага рэгіёна кс. Андрэй Далянскі з Касцюковічаў. Святар засяродзіў увагу калегаў на тэме трох ўзроўняў унутранага свету духоўнай асобы: знаходжання ў Богу, знаходжання ў самім сабе, знаходжання ў парафіі, паведамляе mohylev-katolik.by.

“Пробашч з’яўляецца пастырам парафіі, які адказвае перад Богам за яе асвячэнне і збаўленне, – падкрэсліў кс. Далянскі, – таму трэба ўвесь час вяртацца да сутнасці добраахвотнага выбару шляху духоўнай асобы”.

Пасля духоўнай канферэнцыі адбылося выстаўленне Найсвяцейшага Сакраманту, удзельнікі сустрэчы мелі магчымасць таксама прыступіць да таямніцы пакаяння.

Кульмінацыяй сустрэчы стала Святая Імша, якую ўзначаліў біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB, біскупскі вікарый для Магілёва і Магілёўскай вобласці, які разважаў у гаміліі над тэкстам энцыклікі Папы Рымскага Пія XI “Ad catholici sacerdotii fastigium”, напісанай у 1935 годзе, у якой пантыфік гаворыць  пра вызначальныя якасці добрага святара.

Пасля Святой Імшы святары і кансэкраваныя асобы абмеркавалі надзённыя справы і планы агульных святаў і спатканняў.

 

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі