На мінскіх Вайсковых могілках можа з’явіцца помнік Аляксандру Неўскаму

НевскийУ Мінску заканчваецца рэстаўрацыя праваслаўнага Аляксандра-Неўскага храма, узведзенага ў 70-ых гадах XIX стагоддзя ў гонар памяці салдатаў, якія загінулі ў Руска-турэцкай вайне.

Архітэктар Мікалай Лук’янчык, які курыруе праект рэстаўрацыі і рэканструкцыі з добраўпарадкаваннем Аляксандра-Неўскага храма, лічыць, што фінальнай часткай працаў па добраўпарадкаванні могілак павіннае стаць ўсталяванне на іх помніка Аляксандру Неўскаму.

Мікалай Лук’янчык кажа, што самыя знакамітыя пахаванні — класікаў беларускай літаратуры Янкі Купалы і Якуба Коласа — «цяпер у парадку, сюды водзяць і экскурсіі, але астатняя частка могілак мае патрэбу ў добраўпарадкаванні з сістэмным падыходам», паведамляе sobor.by.

На думку архітэктара, доступ да магілаў іншых дзеячаў беларускіх мастацтваў і навукі, пахаваных вакол храма, сёння абцяжараны, па гэтай прычыне «пытанне добраўпарадкавання храма неабходна вырашыць для таго, каб арганізаваць сюды экскурсіі і паказаць, што гэта не проста могілкі, якое захавалася, а мемарыял. А калі яшчэ з’явіцца помнік Аляксандру Неўскаму, дык гэты куток старога горада прыкметна ажыве».

Мінчукоў, неабыякавых да гістарычнай спадчыны, заклікаюць узяуць удзел у добраўпарадкаванні могілак. Папулярны некалі эстрадны спявак, народны артыст Беларусі, старшыня апякунскай рады храма Аляксандр Ціхановіч кажа, што сёння распрацаваны план — «як ператварыць гэтыя вайсковыя могілкі у мемарыял памяці. Там пахаваныя не толькі воіны, але і выдатныя людзі, якія жылі ў Беларусі, гэта рэвалюцыянеры і вялікія паэты, напрыклад, паэт Янка Купала, Якуб Колас, музыканты, шмат вядомых і любімых людзей».

Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Павел, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі, падкрэслівае: «Вельмі важна пераўтварэнне нашых могілак, на якіх пахаваныя шматлікія абаронцы Айчыны, афіцэры, воіны. Мы будзем рабіць усё магчымае, каб гэта было месца, куды змогуць прыходзіць людзі, каб ушанаваць памяць усіх абаронцаў Айчыны».

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі