Біскуп Буткевіч: Перашкодай да еднасці хрысціянаў не павінная быць думка – як яе дасягнуць

витебскУ Віцебску ў дыяцэзіяльным катэдральным касцёле Езуса Міласэрнага 22 студзеня адбылося экуменічнае набажэнства пад дэвізам «Пакліканыя, каб абвяшчаць вялікія справы Госпада».

У экуменічным набажэнстве ўзялі ўдзел каталіцкі біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, пробашч віцебскай грэка-каталіцкай парафіі Уваскрасення Хрыстовага протапрэсвітар а. Зміцер Грышан, прарэктар па навучальнай працы праваслаўнай Віцебскай духоўнай семінарыі протаіерэй Дзмітрый Савіч, прадстаўнікі Евангельскіх хрысціян-баптыстаў — пастар Аляксей Альшэўскі з царквы «Пульс» і пастар царквы «Надзея» Генадзь Ляшчоў, пастар Евангельска-Лютэранскай Царквы Уладзімір Татарнікаў, які апякуецца віцебскай Петрапаўлаўскай супольнасцю, паведамляе catholic.by.

На пачатку набажэнства адбылася працэсія са Святым Пісаннем. Набажэнства адбывалася пры запаленым пасхале, падчас яго была прачытаная малітва да Святога Духа, малітвы паяднання і малітвы надзеі.

Пастар Уладзімір Татарнікаў азначыў, што сённяшняе грамадства забывае,цца што такое вера, і падкрэсліў важнасць сумеснай малітвы, дадаўшы, што ў сённяшніх умовах вельмі важна казаць аб адзінстве і выступаць адзіным фронтам у справах веры, маралі і сямейных каштоўнасцяў, «бо ўсе мы закліканыя абвяшчаць укрыжаванага і ўваскрослага Хрыста».

Протапрэсвітар а. Зміцер Грышан нагадаў, што гэтая малітоўная сустрэча – вельмі важная падзея для той будучыні, аб якой мы ўсе молімся – «Каб усе былі адно».

Віцебскі ардынарый біскуп Алег Буткевіч падкрэсліў, што на шляху да еднасці хрысціянаў часта паўстае перашкода ў выглядзе думкі, – а якім чынам будзе дасягнута гэтая еднасць? Біскуп нагадаў аб важнасці міласэрнасці і прабачэння, асабліва ў Год Міласэрнасці: «Вельмі важна, каб мы ўмелі дараваць крыўды, якія ўчынілі адзін аднаму, і гэта датычыцца не толькі крыўдаў ў гістарычным вымярэнні, але датычыцца, найперш, нас у нашым штодзённым жыцці».

Пасля складання абавязку быць “соллю і святлом” гэтага свету, прадстаўнікі рэлігійных супольнасцяў на знак супольнай місіі ўсіх Цэркваў запалілі свечкі ад пасхала – сімвала святла Уваскрослага Хрыста.

У Гродне падчас экуменічнага набажэнства казалі пра прыгажосць кожнай канфесіі

У гродзенскім катэдральным касцёле святога Францішка Ксаверыя экуменічнае набажэнства ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч.

Разам з ім маліліся дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі, праваслаўны святар а. Аляксандр Хомбак з храма святога Лукі ў Гродзенскай абласной бальніцы, грэка-каталіцкі святар а. Андрэй Крот з парафіі Маці Божай Фацімскай, дыякан Евангельска-лютэранскай супольнасці святога Іаана Юрый Лабоцкі, паведамляе grodnensis.by.

Падчас сустрэчы кожны са святароў звярнуўся да прысутных з невялікай прамовай.  Грэка-каталіцкі святар а. Андрэй Крот падкрэсліў, што кожная канфесія мае ў сваіх традыцыях непаўторную прыгажосць, якая дапамаге данесці да людзей святло веры, а дыякан Юрый Лабоцкі нагадаў, што хрысціяне павінныя быць адзіным голасам у пытаннях маралі.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі