Баранавіцкія братчыкі прывезлі састарэлым спектакль і падарункі

пинскЧальцы баранавіцкага брацтва пры праваслаўным храме Аляксандра Неўскага 24 студзеня здзейснілі паездку ў інтэрнат для састарэлых і адзінокіх ў пасёлку Лясная.

Царкоўны хор пад кіраўніцтвам Таццяны Міхалкевіч прадставіў праграму калядных духоўных спеваў, слухачы нядзельнай школы для дарослых паказалі тэатральную пастаноўку. Разам з прыхаджанамі да старых прыехаў настаяцель храма Віталь Лазоўскі, які ўручыў насельнікам інтэрната падарункі, паведамляе pinskeparh.by.

У Светлагорску на сцэне гарадскога Палаца культуры 24 студзеня адбыўся канцэрт выхаванцаў нядзельнай школы пры бабруйскім Елісавецінскім храме. Пасля канцэрта дзеці з Бабруйска і іх педагогі наведалі светлагорскі краязнаўчы музей, паведамляе bobruisk.hram.by.

У наваполацкай гімназіі №2 для навучэнцаў малодшых класаў 22 і 23 студзеня прайшлі калядныя ранішнікі «Святло Каляднай Зоркі» з удзелам фальклорнага ансамбля «Кола» і настаяцеля Міхайлаўскага храма протаіерэя Аляксандра Шаховіча.

У Веркудах пад Ушачамі 15 студзеня ў сельскай школе-садку адбылося каляднае свята з удзелам гасцей – бацькоў і настаяцеля храма святой Параскевы іерэя Аляксандра Таляронка. Дзеці паказалі казкі “Анёл і ёлка”, “Калядны калабок”, а таксама музычныя нумары. “У нас ёсць негалоснае  правіла: на сцэну выходзяць усе малыя, усё роўна, не вымаўляе гукі альбо заікаецца дзіця”, – кажуць арганізатара свята, паведамляе eparhia992.by.

Па заканчэнні свята дзеці адправіліся за салодкі стол, а бацькі – на тэматычны сход “Духоўна-маральнае выхаванне падрастаючага пакалення”, падчас якога а. Аляксандр выступіў з дакладам “Храм маёй душы”.

У Камянцы 20 студзеня з калядным канцэртам да супрацоўнікаў гарадскога ЖКГ прыйшлі прыхаджане Сімяёнаўскага храма – моладзевы хор пад кіраўніцтвам рэгента Ганны Грушаўскай, народны вакальны гурт «Гармонія» і вакальны ансамбль «Музычная капель» дзіцячай школы мастацтваў. Са словамі віншавання да работнікаў ЖКГ звярнуўся благачынны Камянецкай акругі протаіерэй Сергій Буркоўскі, паведамляе ekklisia.by.

15 студзеня чальцы моладзевага брацтва пры Сімяёнаўскім храме прыйшлі з віншаваннямі ў гарадскія дзіцячыя садкі № 1 і № 2.

У Кобрынскім дзіцячым доме 14 студзеня таксама прымалі гасцей, якія прыехалі з каляднымі віншаваннямі – духавенства, прыходскіх ссцёр міласэрнасці і выхаванцаў нядзельнай школы Аляксандра-Неўскага сабора. Благачынны Кобрынскай акругі протаіерэй Багдан Хома ўручыў кожнаму малому падарунак.

У Ружанах выхаванцы нядзельнай школы Петра-Паўлаўскай царкве 17 студзеня паказалі тэатралізаваную музычную імпрэзу «Калядная кветка» на сцэне пасялковага Цэнтра культуры і вольнага часу, а 19 студзеня – у санаторыі «Ружанскі».

У Драгічыне 13 студзеня сёстры міласэрнасці і акторы лялечнага тэатра Срэценскага храма наведалі дзіцячы садок у вёсцы Аляксеевічы з каляднай акцыяй па ініцыятыве настаяцеля храма Нараджэння Найсвяцейшай Багародзіцы ў вёсцы Суботы протаіерэя Георгия Локцева, да прыходу якога належаць Аляксеевічы.

Дзеці са Срэценскага храма паказалі лялечны спектакль па казцы англійскага пісьменніка Паўля Крыштафера «Чырвоныя туфлікі да Калядаў», а сёстры міласэрнасці разам са Снягуркай Серафімай арганізавалі карагоды і танцы ля елкі.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі