Праваабаронца Шаўцова: паняцця зняцця з рэгістрацыі ў заканадаўстве Беларусі няма

dina-shavzova

У Законе Рэспублікі Беларусь “Аб свабодзе сумлення і рэлігійных арганізацыях» адсутнічае паняцце «зняцце з рэгістрацыі», адпаведна няма і механізму такога «зняцця». Пра гэта Krynica.info паведаміла праваабаронца і юрыст Дзіна Шаўцова, каментуючы заяву ўпаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Леаніда Гулякі адносна дзейнасці сведак Іеговы ў Беларусі.

Як ужо паведамляла Krynica.info, Гуляка прыгразіў суполкам Рэлігійнага аб’яднання сведак Іеговы ў Беларусі здыманнем з рэгістрацыі за нібыта маючыя месца парушэнні заканадаўства ў пытаннях распаўсюджвання рэлігійнай літаратуры. Па звестках упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў, дзеянні сведак Іеговы “настойлівыя і неправамерныя», і гэта выклікае незадаволенасць “сярод жыхароў краіны” і ў вернікаў некаторых канфесій.

Дзіна Шаўцова адзначыла ў інтэрв’ю парталу Krynica.info, што артыкул 37 закона «Аб свабодзе сумлення і рэлігійных арганізацыях” прадугледжвае, што “ў выпадку парушэння рэлігійнай арганізацыяй заканадаўства Рэспублікі Беларусь альбо ажыццяўлення дзейнасці, што супярэчыць статуту рэлігійнай арганізацыі, рэгiструючы орган выносiць пiсьмовае папярэджанне, якое ў трохдзённы тэрмін накіроўваецца кіруючаму органу рэлігійнай арганізацыі.

Калі парушэнні, названыя ў частцы першай гэтага артыкула, на працягу шасці месяцаў не былі ліквідаваны ці мелі месца паўторна на працягу года, рэгіструючы орган мае права звярнуцца ў суд з заявай аб ліквідацыі рэлігійнай арганізацыі. Пры гэтым рэгiструючы орган мае права прыняць рашэнне аб прыпыненні дзейнасці рэлігійнай арганізацыі да вынясення судовага рашэння”.

Гэта значыць, за дзейнасць, якая ажыццяўляецца з парушэннем заканадаўства і супярэчыць статуту, рэлігійнай суполцы спачатку выносіцца пісьмовае папярэджанне, – удакладніла праваабаронца. – І тут варта адзначыць, што любыя парушэнні павінны быць даказаны і выяўлены кампетэнтным органам з афармленнем адпаведных дакументаў“.

Калі парушэнні ва ўстаноўлены тэрмін не ліквідаваны, то абшчына можа быць ліквідаваная ў судовым парадку, – патлумачыла Дзіна Шаўцова. – Толькі суд можа вынесці рашэнне аб ліквідацыі, гэта пытанне не ўваходзіць у кампетэнцыю рэгіструючага органа“.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі