Сведкі Іеговы: мы не ведаем фактаў, на якія спасылаецца Гуляка, і нам няма чаго каментаваць

 jw

Сведкі Іеговы не каментуюць выказванні ўпаўнаважанага па справах рэлігій Леаніда Гуляка адносна іх дзейнасці. Ён даўно не сустракаўся з прадстаўнікамі РА, а прэтэнзій ад уладаў Рэлігійнае аб’яднанне сведак Іеговы ў Беларусі не атрымлівала.

“Мы лічым няправільным каментаваць словы Леаніда Паўлавіча, бо не ведаем ні кантэксту яго выказвання, ні фактаў, на якія ён, магчыма, спасылаецца, – заявіў карэспандэнту партала Krynica.inf0 старшыня Рэлігійнага аб’яднання Сведак Іеговы ў Рэспубліцы Беларусь Павел Ядлоўскі. – Да таго ж, упаўнаважаны па справах рэлігій не сустракаўся з нашымі прадстаўнікамі больш за два гады”.

Пры гэтым Ядлоўскі падкрэсліў, што сведкі Іеговы – законапаслухмяныя грамадзяне Беларусі і павага да дзяржаўнай улады – гэта частка іх заснаванай на Бібліі дактрыны.

Па словах старшыні РА, калі б у яго распараджэнні хоць нейкія абгрунтаваныя прэтэнзіі, папярэджанні або штрафы, то “прыклалі б усе намаганні, каб выправіць сітуацыю”. “Аднак адзінае папярэджанне, ды і тое па непаразуменні, было вынесена толькі адной з нашых 27 суполак: на аднастаронкавым запрашальным білеце, які быў аддадзены нават не суполкай, а прыватнай асобай, службовыя асобы не заўважылі выходныя дадзеныя”, – удакладніў Ядлоўскі.

Для захавання беларускага заканадаўства сведкі Іеговы ўсю сваю рэлігійную літаратуру накіроўваюць для праходжання дзяржаўнай рэлiгiязнаўчай экспертызы. “Паводле заключэння Экспертнага савета, змест гэтай літаратуры не супярэчыць заканадаўству”, – падкрэсліў кіраўнік аб’яднання.

Павел Ядлоўскі падзяліўся з Krynica.info меркаваннямі аб магчымых прычынах прагучаўшай заявы: “Верагодна, ёсць грамадзяне, рухомыя вядомымі ім намерамі, якія накіроўваюць у дзяржаўныя органы скаргі на само існаванне сведак Іеговы”. Аднак кіраўнік аб’яднання звяртае ўвагу ўладаў на Асноўны закон: “Канстытуцыя Беларусі абараняе разнастайнасць поглядаў, свабоду сумлення і рэлігіі, таму мы перакананыя, што без важкіх падстаў ніякіх дзеянняў, якія абмяжоўваюць гэтыя свабоды, у Беларусі не будзе”.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі