У Брусэлі абмеркавалі сітуацыю з правамі чалавека ў Беларусі

bialiacki-litvina-lambrynidzis
Сітуацыю з правамі чалавека ў Беларусі абмеркавалі ў Брусэлі. 2-3 лютага праходзіў працоўны візіт у Брусэль экс-старшыні і члена праўлення БАЖ Жанны Літвіной і старшыні Праваабарончага цэнтру “Вясна”, віцэ-прэзідэнта Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека Алеся Бяляцкага.

Яны адзначылі, што ЕС трэба працягваць маніторынг сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі і аказваць ціск на беларускія ўлады. Праваабаронцы заклікалі ЕС апублікаваць план чаканых ад Беларусі першачарговых мер у галіне правоў чалавека ў краіне, узгадніць з афіцыйным Мінскам “дарожную карту” па дэмакратычных зменах.

У іх прайшлі сустрэчы з намеснікам генсакратара еўрапейскай службы знешніх дзеянняў Хельгай Шмід, спецпрадстаўніком ЕС па правах чалавека Стаўрасам Ламбрынiдзiсам, амбасадарамі еўрапейскіх краін пры ЕС і іншымі прадстаўнікамі ЕС, паведамляе spring96.org

У Беларусі пасля вызвалення ў жніўні 2015 года палітвязняў не адбылося іншых пазітыўных зменаў у адносінах да правоў чалавека і дэмакратыі, а прэзідэнцкія выбары прайшлі з вялікімі парушэннямі і фальсіфікацыямі, адзначылі праваабаронцы.

Працягваецца ціск на актывістаў і журналістаў, былі новыя смяротныя прысуды і адмовы ў рэгістрацыі грамадскіх арганізацый, гэта значыць праблемы носяць сістэмны характар, лічаць Бяляцкі і Літвіна.

Прадстаўнікі ЕС і паслы краін ЕС запэўнілі беларускіх праваабаронцаў, што, незалежна ад рашэння па санкцыях у дачыненні да беларускіх чыноўнікаў, увага да Беларусі з боку Еўразвяза не паменшыцца і дэмакратычныя свабоды і правы чалавека застануцца прыярытэтнымі пытаннямі ў адносінах ЕС і Беларусі.

У кастрычніку 2015 года санкцыі былі прыпыненыя на чатыры месяцы, а іх далейшы лёс Савет ЕС па замежных справах абмяркуе 15 лютага.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі