Каталіцкія біскупы: падрыхтоўка святароў – унутраная справа Касцёла

Кандрусевіч2

Падрыхтоўка святароў з’яўляецца выключна ўнутранай справай Касцёла, які клапоціцца пра сваю будучыню. Такім чынам 4 лютага адказала Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі на заяву ўпаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Леаніда Гулякі адносна таго, што Касцёл дрэнна займаецца падрыхтоўкай новых кадраў.

У ККББ падкрэслілі, што ў гэтым навучальным годзе 19 чалавек распачалі навучанне ў семінарыях Беларусі і ў манаскіх семінарыях за мяжой. “І абвінавачваць яго ў незацікаўленасці і недастатковасці «працы з кадрамі» выглядае беспадстаўна”, – гаворыцца ў заяве, тэкст якой прыводзіць Catholic.by.

Датычна каталіцкай тэалагічнай акадэміі імя святога Яна Паўла ІІ, якая, па словах чыноўніка, хоць і зарэгістраваная, але не мае ніводнага навучэнца, дык зараз ідзе працэс атрымання зямельнага надзелу, далей — узвядзенне будынка, і пасля гэтага акадэмія распачне сваю дзейнасць, што “таксама з’яўляецца выключна ўнутранай справай Касцёла”.

“Іншыя ўзнятыя спадаром Гулякам Л.П. тэмы могуць быць абмеркаваны пры асабістай сустрэчы Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі з Упаўнаважаным па справах рэлігій і нацыянальнасцяў”, – падкрэслілі ў ККББ.

Як паведамляла Krynica.info, Леанід Гуляка 2 лютага таксама заявіў, што некаторыя замежныя святары слаба валодаюць навыкамі зносін на дзяржаўных мовах Беларусі, ксяндзы з Польшчы маюць неаднаразовыя адміністрацыйныя парушэнні, а «асобныя ксяндзы — грамадзяне Рэспублікі Беларусь вядуць дэструктыўную працу сярод насельніцтва». На яго думку, уладам трэба звяртаць на гэтыя праблемы больш пільную ўвагу і прымаць меры па іх недапушчэнні.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі