Прадстаўнік Патрыярха Канстантынопальскага: Украінская Царква – дачэрняя Царква Канстантынопаля

Патрыярхі Маскоўскі і КанстантынопальскіДарадца па багаслоўі Сусветнага Патрыярха Варфаламея архідыякан Іаан Хрысаўгіс 3 лютага апублікаваў у часопісе “First Things” артыкул “Аб Вялікім саборы Праваслаўнай Царквы”, у якім абвяргае шэраг ацэнак Маскоўскага Патрыярхата аб ходзе падзеяў падчас сходу кіраўнікоў памесных Праваслаўных Цэркваў у Шамбезі ў Швейцарыі.

Разважаючы пра тое, ці сапраўды пытанне аб рэлігійным супрацьстаянні прыходаў і духавенства Маскоўскага і Кіеўскага патрыярхатаў Украінскай Праваслаўнай Царквы стала на сходзе “каменем перапоны”, архідыякан Іаан Хрысаўгіс піша: “На адкрыцці Сінаксіса (сходу) Патрыярх Кірыл у аглушальнай тырадзе ўзняў пытанне аб спрэчным статусе ўкраінскай Царквы, на што Патрыярх Варфаламей адказаў спакойна і без апраўданняў”, паведамляе firstthings.com.

Раней у расійскай царкоўнай і свецкай прэсе неаднаразова гаварылася пра незадаволенасць Маскоўскага Патрыярхата тым фактам, што прадстаўнікі Канстантынопальскага Патрыярхата рэгулярна наведваюць Украіну і праводзяць сустрэчы і сумесныя мерапрыемствы з духавенствам УПЦ КП. Менавіта гэтыя факты падымаліся ў выступленні Патрыярха Кірыла падчас сходу.

“З боку Канстантынопаля не прагучала ніякіх апраўданняў ў дачыненні да якой бы там ні было яго дзейнасці ў Украіне, як і ніякага кампрамісу ў дачыненні да яго годнага жадання пакласці канец царкоўнаму палітыканству ва Украіне. Патрыярх Варфаламей падкрэсліў сваё гістарычнае і кананічнае права адказваць на звароты або пытанні праваслаўных вернікаў ва Украіне як «дачэрняй царквы» Канстанцінопаля”, – адзначыў архідыякан.

Каментуючы рашэнні Сходу правесці Усеправаслаўны Сабор на Крыце, архідыякан Хрысаўгіс удакладняе: “Адзінай прычынай змены месца правядзення Сабора было жаданне дапамагчы Маскве прыняць у ім удзел на тле палітычных трэнняў паміж Расіяй і Турцыяй, а таксама – меркаванні бяспекі, выкліканыя нядаўнімі тэрарыстычнымі нападамі ў Стамбуле”.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі