Святар БАПЦ: галоўнае, каб сустрэча Папы і Патрыярха не была прапагандысцкім актам

Акаловіч
Спатканне Папы Рымскага Францішка з Патрыярхам Маскоўскім Кірылам на Кубе можна вітаць і ўхваляць толькі тады, калі яно “не будзе прапапагандысцкім актам РПЦ і прывядзе хоць да якіх станоўчых зрухаў у лепшы бок у жыцці хрысціянскіх цэркваў”. Пра гэта ў каментары Krynica.info заявіў дэкан Мінскай царкоўнай акругі Беларускай Праваслаўнай Аўтакефальнай Царквы, настаяцель мінскай парафіі Еўфрасінні Полацкай протаіерэй  Леанід Акаловіч.

Пакуль што, на думку святара, “выклікае здзіўленне паспешлівасць у выбары месца сустрэчы высокіх іерархаў Каталіцкай і Маскоўска-Праваслаўнай Цэркваў”. “Чаму не можна было дамовіцца пра гэтую сустрэчу ў самой Еўропе, а не на выспе Куба, ды яшчэ чамусьці толькі ў аэрапорце Гаваны?” – задаецца пытаннем прадстаўнік БАПЦ, выказваючы сумневы ў тым, што “неспадзяваная мімалётная сустрэча ў міжнародным паветраным вакзале” прынясе “практычную карысць ўсяму хрысціянскаму свету?”

“Візіт Маскоўскага патрыярха Кірыла на Кубу планаваўся, каб хоць неяк утрымаць кубінцаў ад поўнага адрыву ад Расіі ў сувязі са зняццем ЗША санкцыяў з кубінскай дзяржавы, бо й сама Расія хоча пазбавіцца адпаведных міжнародных санкцыяў з-за яе агрэсіі ва Украіне, захопу Крыму і Данбасу”, – разважае а. Леанід Акаловіч. На яго думку, “раптоўная дамова пра спатканне ў Гаване двух правадыроў адрозных каталіцкага і маскоўска-праваслаўнага веравызнанняў, чаго не было амаль тысячу гадоў, падчас візіту Папы Рымскага Францішка ў Мексіку з адхіленнем на Кубу выклікае сумненне ў падрыхтаванасці і выніковасці такога спаткання ў аэрапорце”.

Паводле яго, змест такой сустрэчы – у большасці ступені палітычны, чым рэлігійны: “Расійская Праваслаўная Царква хоча быць лідарам у праваслаўным свеце, таму ўмешвалася (нават захоплівала чужыя царкоўныя кананічныя тэрыторыі як ва Украіне-Русі і Беларусі-Літве) і хоча ўмешваецца сёння ў царкоўна-дзяржаўныя справы і на Блізкім Усходзе, у Афрыцы і Амерыцы”.

“Пад маркай абароны хрысціянскага насельніцтва (параўнайце: нядаўняе ўварванне ў Крым і Данбас “для защиты русскоговорящего населения” ва Украіне) у названых вышэй краінах свету Архірэйскі Сабор РПЦ 3 лютага заклікаў зрабіць гэты год годам асаблівых высілкаў для ўратавання хрысціянаў ад сапраўднага генацыду”, – кажа святар, даводзячы, што “прэстыж маскоўскай Праваслаўнай Царквы з кожным днём усё падае і падае, меншае колькасць вернікаў, ідзе іх адток нават у іншыя канфесіі, бо падае і зніжаецца міжнародная роля самой расійскай царквы і Расіі з-за іх карумпаванасці, з-за агрэсіўнасці РФ, з-за мілітарызму, анэксіяў, дыверсіяў і скрытага тэрарызму”.

Думку пра няшчырасць намераў кіраўніцтва РПЦ а. Леанід ілюструе тым фактам, што “Усяленскі Канстантынопальскі Патрыярх Варфаламей ужо сустракаўся з Папам Рымскім Францішкам, што выклікала ў асяродку агрэсіўна настроеных маскоўскіх вернікаў нават ганебную атаку на Патрыярха Варфаламея”.

Між тым, у Беларускай Грэка-каталіцкай Царкве не каментуюць маючую адбыцца сустрэчу.  “Толькі – згодна з афіцыйным камунікатам Святога Пасаду і Маскоўскага Патрыярхата – горача молімся “аб добрых пладах” гэтай сустрэчы. Адмысловыя малітвы пройдуць ва ўсіх нашых парафіях. Давяраем гэтую сустрэчу заступніцтву святых Апосталаў Славянаў Кірыла і Мятода, напярэдадні іхняга свята”, – адзначыў у каментары Krynica.info архімандрыт Сяргей Гаек.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі