Напярэдадні сустрэчы Папы Францішка і Патрыярха Кірыла ў Каіры сустрэліся іерархі РПЦ і Копцкай Царквы

Патрыярх КопцкіУ Каіры 5-7 лютага ўпершыню адбылося пасяджэнне Камісіі па дыялогу паміж Рускай Праваслаўнай Царквой і Копцкай Царквой.

Падчас пасяджэння Камісіі, створанай паводле дамоўленасці паміж Патрыярхам Маскоўскім і ўсяе Русі Кірылам і Патрыярхам Копцкім Тавадрасам II ў 2014 годзе, іерархі абедзвюх Цэркваў вызначылі прыярытэтныя на бліжэйшы час накірункі супрацоўніцтва паміж РПЦ і Копцкай Царквой: акадэмічная сфера, навукова-багаслоўскія кансультацыі, вывучэнне манаскіх традыцыяў, паломніцтвы, царкоўнае сацыяльнае служэнне і царкоўна-грамадскія адносіны, паведамляе sedmitza.ru.

У прынятым па выніках пасяджэння Камісіі камюніке гаворыцца пра салідарную пазіцыю Цэркваў адносна гаротнага становішча хрысціянаў у шэрагу краінаў Блізкага Усходу, перш за ўсё, у Іраку, Сірыі і Лівіі. Абедзве Цэрквы заклікалі пакласці канец пераследам за веру, выказаўшы падтрымку намаганням па захаванні хрысціянскай прысутнасці ў рэгіёне.

6 лютага чальцоў Камісіі прыняў Патрыярх Копцкі Тавадрас II, які падкрэсліў, што актывізацыя адносінаў паміж РПЦ і Копцкай Царквой адбываецца ў кантэксце аб’яднання намаганняў хрысціянскага свету, накіраваных на падтрымку гнаных субратаў, а таксама напярэдадні важнага кроку ў гэтым рэчышчы – запланаванай на 12 лютага сустрэчы паміж Патрыярхам Маскоўскім Кірылам і Папам Францішкам.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі