У Брэсце распачалі крымінальную справу аб «дзедаўшчыне»

дзедаўшчынаУ Брэсце, у адной з часткаў гарнізона, распачата крымінальная справа па артыкуле за нестатутныя адносіны.

У пачатку лютага двое вайскоўцаў адной з часткаў Брэсцкага гарнізона сышлі ў самаволку. Як паказала праверка, прычынай гэтага ўчынку паслужылі нестатутныя адносіны ў частцы паміж стараслужачымі і маладымі салдатамі тэрміновай службы, паведамляе naviny.by.

Двое маладых салдатаў, пакінуўшы тэрыторыю часткі, схаваліся ў пад’ездзе, дзе іх знайшоў жыхар дома. Убачыўшы на целах салдатаў сляды збіцця, ён патэлефанаваў іх сваякам і тыя прыехалі за імі ў Брэст.

«Мужчына сказаў, што знайшоў нашых хлопцаў у пад’ездзе дома, што яны збітыя і напалоханыя. Той чалавек сказаў: калі жадаеце бачыць дзяцей жывымі і здаровымі — тэрмінова самі прыязджайце за імі ў Брэст, я іх камандзірам не аддам без вашай прысутнасці», — распавяла маці аднаго з салдат.

Уцекачы распавялі, што «дзяды» збівалі маладых і патрабавалі з іх грошы. Падчас аднаго з такіх «выхаваўчых» мерапрыемстваў стараслужачыя прыгразілі павесіць тых, хто грошы не здасць. Спалохаўшыся за сваё жыццё, хлопцы пакінулі тэрыторыю часткі. Вярнуліся ўжо са сваякамі і з заявамі ў пракуратуру.

Па выніках праверкі камандзір вайсковай часткі ініцыяваў узбуджэнне крымінальнай справы па артыкуле 443 за нестатутныя адносіны ў дачыненні да аднаго з стараслужачых. Па словах маладых салдат, да гэтага на пастраенні з «дзядоў», якія здзекваліся з іх, знялі цяльняшкі ў знак таго, што яны іх зганьбілі.

Міністэрства абароны не называе пакуль прозвішчаў абвінавачанага і пацярпелых, не паказваецца і нумар часткі. Але гаворка меркавана ідзе пра інцыдэнт у элітнай 38-й асобнай гвардзейскай мабільнай брыгадзе.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі