Беларускі мовазнаўца шукае ў Ватыкане новыя звесткі пра Скарыну

СкарынаБеларускі гісторык і мовазнаўца Алесь Жлутка цягам некалькіх дзен працаваў у Ватыканскім сакрэтным архіве, шукаючы звесткі аб магчымай прысутнасці беларускага першадрукара Францішка Скарыны на V Латэранскім Саборы, які праходзіў у 1512-1514 гадах.

Штуршком для пошукаў гісторык называе гіпотэзу маладога перакладчыка Антона Францішка Брыля аб прысутнасці на Саборы пасольства караля Даніі Ханса, у складзе якога мог быць Скарына. Існуе дакумент аб падзеях 1512 года, пра якія распавядае цырымонімайстар папы Юлія ІІ, распавядае Жлутка.

«У тым годзе Францішак Скарына абараніў доктарскую дысертацыю ў Падуанскім універсітэце, у дакументах якога ён пазначаны як сакратар дацкага караля. Гэтыя дзве падзеі раздзяляюць толькі тры месяцы. Цалкам магчыма, што Францішак Скарына ўдзельнічаў у гэтым пасольстве да Папы Рымскага ў сувязі з Латэранскім Саборам. Магчыма, што на адваротным шляху, ён якраз і абараніў доктарскую дысертацыю ў Падуі», — адзначыў Алесь Жлутка.

“У біяграфіі Францішка Скарыны застаюцца белыя плямы. Пасля атрымання ім ступені бакалаўра ў Кракаве ў 1508 годзе звестак пра яго няма да 1512 года. Дзе ён знаходзіўся ў гэты час – невядома. Дзе атрымаў магістрскую ступень – таксама. Калі пацвердзіцца версія пра яго прысутнасць на Латэранскім Саборы, то з’явяцца падставы для пошуку звестак па яго біяграфіі ў іншых накірунках”, –  мяркуе гісторык.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі