Мітрапаліт Кандрусевіч: Сустрэча Папы і Патрыярха – вымаленая

kondrusiewicz

Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч, Старшыня Каталіцкай Канферэнцыі Біскупаў Беларусі, называе сустрэчу Папы Францішка і Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Кірыла гістарычнай і беспрэцэдэнтнай, а таксама – “доўгачаканай і вымаленай”.

Вялікае сімвалічнае значэнне іерарх бачыць у тым, што, нягледзячы на існуючыя паміж католікамі і праваслаўнымі праблемы, Папа і Патрыярх сталі вышэй за іх дзеля дабра хрысціянства і свету, а іх сустрэча, якая, па словах Папы Францішка, прайшла ў духу брацкай любові, паказала, што Цэрквы могуць сумесна дзейнічаць у справе вырашэння праблемаў сучаснасці, а таксама бараніць хрысціянскія каштоўнасці, паведамляе карэспандэнт Krynica.Info.

“Папа і Патрыярх падкрэслілі вострую неабходнасць не толькі словамі, але і канкрэтнымі дзеяннямі імкнуцца да адзінства хрысціянаў”, – кажа іерарх, каментуючы асобныя параграфы прынятай іерархамі дэкларацыі.

Вострая занепакоенасць ганеннямі на хрысціянаў у розных рэгіёнах свету, асабліва на Блізкім Усходзе і ў Паўночнай Афрыцы, а таксама заклік да міжнароднай супольнасці прадухіліць выцясненне хрысціянаў з іх родных мясцінаў, сталі адным з галоўных палажэнняў дэкларацыі.

Асобнай увагі, па словах іерарха, заслугоўвае зробленая іерархамі сумесная ацэнка адраджэння веры ў Расіі і краінах Усходняй Еўропы, дзе сёння каталікі і праваслаўныя разам сведчаць пра евангельскія каштоўнасці і займаюцца дабрачыннасцю.

Арцыбіскуп Кандрусевіч заклікаў асаблівую ўвагу звярнуць на той факт, што ў дэкларацыі адначасова гаворыцца і пра неабходнасць для Еўропы захаваць хрысціянскую ідэнтычнасць, і пра абавязак адказаць на праблемы шматлікіх уцекачоў з мусульманскіх краінаў, дзе ідуць войны.

Беларускі іерарх падкрэсліў адназначнае стаўленне Папы Францішка і Патрыярха Кірыла да сям’і як да непарушнага саюза мужчыны і жанчыны, прызначэнне якога – нараджэнне дзяцей, клопат аб нямоглых, сцвярджэнне маралі ў стасунках.

На думку іерарха, станоўчую ролю адыграе і параграф дэкларацыі, у якім сцвярджаецца права на спакойнае суіснаванне праваслаўных і грэка-каталікоў, асабліва ва Украіне, дзе палітычны і ваенны канфлікт набывае таксама і рэлігійную афарбоўку.

Асаблівым жэстам добрай волі арцыбіскуп Кандрусевіч лічыць падарунак Патрыярха Кірыла, зроблены пантыфіку. Ікона Божай Маці Казанскай, вывезеная з Расіі пасля рэвалюцыі 1917 года, доўгі час знаходзілася ў кабінеце святога Папы Яна Паўла II, а пасля была вернутая ім Расіі ў форме падарунка Патрыярху Алексію II. Цяпер жа гэты абраз зноў будзе знаходзіцца ў Ватыкане, робячыся лучвам паміж Цэрквамі.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі