Прадстаяцель УГКЦ заклікаў не драматызаваць тэкст ўкраінскай дэкларацыі

Шаўчук
Кіраўнік Украінскай Грэка-Каталіцкай Царквы, вярхоўны біскуп Святаслаў Шаўчук, каментуючы тэкст дэкларацыі, падпісанай 12 лютага Папам Францішкам і Патрыярхам Маскоўскім і ўсяе Русі Кірылам, кажа, што і ў гэты раз дало аб сабе ведаць напрацаванае “клішэ”: “калі Ватыкан і Масква арганізуюць сустрэчы або падпісваюць нейкія агульныя тэксты, нам не варта чакаць ад гэтага нічога добрага”.

На думку арцыбіскупа Святаслава, іерархі падчас сустрэчы “знаходзіліся абсалютна ў двух розных вымярэннях і ставілі перад сабой розныя мэты: калі Папа Францішак перажыў гэтую сустрэчу як духоўную падзею, дык для Патрыярха Маскоўскага пошук Духа, багаслоўе, рэлігійныя матэрыі былі другасныя: ніякай агульнай малітвы, падкрэслена афіцыйныя фразы пра «лёсы свету»”, паведамляе news.ugcc.ua.

Арцыбіскуп Святаслаў заклікае не даваць паспешлівых крытычных ацэнак ні факту сустрэчы іерархаў, ні паводзінам падчас яе пантыфіка, “не заставацца ў рэальнасці тых, хто шукае ў гэтай сустрэчы толькі палітыку і любым коштам хоча выкарыстоўваць пакору Папы ў чалавечых планах”.

“Калі мы не прасякнемся духоўнай рэальнасцю Папы Францішака і не адчуем разам з ім провіду Духа Святога, дык застанемся ў палоне князя гэтага свету і яго паслядоўнікаў”, – кажа арцыбіскуп. Паводле яго словаў, тады і сапраўды складзецца ўражанне, што “сустрэча была, але не адбылася”.

Называючы тэкст падпісанай іерархамі дэкларацыі, увогуле, станоўчым, кіраўнік УГКЦ аналізуе пункты, якія тычацца Украіны і ўкраінскіх Цэркваў, якія выклікалі шырокі рэзананс ва ўкраінскім грамадстве.

Арцыбіскуп Святаслаў згаджаецца з ацэнкай пунктаў па Украіне як слабых і невыразных, тлумачачы гэта тым фактам, што дакумент рыхтавалі, з аднаго боку, старшыня аддзела па знешнецаркоўных сувязях Маскоўскага Патрыярхата мітрапаліт Валакаламскі Іларыён, з другога – кардынал Курт Кох і Папская рада па справах адзінства паміж хрысціянамі. Папская рада, – тлумачыць іерарх, – гэта структура, кампетэнтная ў тэалагічных пытаннях у адносінах з рознымі хрысціянскімі Цэрквамі і супольнасцямі, але не ў пытаннях міжнароднай палітыкі, асабліва – у сітуацыі ўзброенага канфлікту ва Украіне.

“Дакумент, які павінен быць не багаслоўскім, а грамадска-палітычным, Папскай радзе быў відавочна не пад сілу, гэтым і скарыстаўся Аддзел знешніх царкоўных сувязяў РПЦ”, – настойвае арцыбіскуп Шаўчук, нагадваючы, што, як кіраўнік УГКЦ, ён таксама ўваходзіць у Папскую раду па справах адзінства паміж хрысціянамі, аднак яго да абмеркавання дакумента ніхто не запрасіў.

“Як гэта было і раней, казалі пра нас – без нас, не даўшы нам голасу”, – падкрэслівае ўладыка Святаслаў, выказваючы надзею на тое, што, магчыма, Апостальскі нунцый ва Украіне Клаўдыё Гуджэроцці дапаможа правільна вытлумачыць асобныя месцы дэкларацыі і канкрэтызуе пазіцыю Ватыкана .

Каментуючы пункт 25 дэкларацыі, дзе пра УГКЦ гаворыцца як пра суб’ект міжцаркоўных адносінаў паміж Каталіцкай і Праваслаўнай Цэрквамі, арцыбіскуп Шаўчук адзначае, што “кажучы аб адмове ад «уніяцтва»як метаду аб’яднання Цэркваў, Масква запатрабавала ад Ватыкана амаль забарону на наша існаванне і абмежаванне нашай дзейнасці”.

Фармальна ў дэкларацыі гаворыцца аб праве Царквы дзейнічаць паўсюль, дзе знаходзяцца яе вернікі, па гэтай прычыне кіраўнік УГКЦ дапускае тэарэтычную магчымасць свабоднага функцыянавання на тэрыторыі Расіі, дзе Царква не мае юрыдычнага права на існаванне, а таксама на тэрыторыі Крыму, рэлігійная несвабода у якім выклікае занепакоенасць еўрапейскіх праваабаронцаў.

Таксама арцыбіскуп Святаслаў спадзяецца, што фармулёўка, якая абавязвае праваслаўных і грэка-каталікоў “прымірыцца і знайсці ўзаемапрымальныя формы суіснавання”, дазволіць жыхарам Украіны будаваць двухбаковыя адносіны з УПЦ без ўмяшання Масквы.

Больш за ўсё крытыкуе кіраўнік УГКЦ пункт 26 дэкларацыі, дзе ідзе гаворка аб ваенным канфлікце ва Украіне. “Само слова «канфлікт» з’яўляецца цёмным і, хутчэй, схіляе чытача думаць пра тое, што ў нас ёсць «грамадзянскі канфлікт», а не знешняя агрэсія суседняй дзяржавы”, – тлумачыць царкоўны іерарх незадаволенасць значнай часткі украінцаў, якая вылілася на старонках шэрагу выданняў і ў сацыяльных сетках.

Прызнаючы, што ў гэтай частцы тэкст дэкларацыі “выклікаў глыбокае расчараванне сярод многіх вернікаў нашай Царквы і проста неабыякавых грамадзянаў Украіны”, пацвярджаючы, што яму давялося выслухаць многіх вернікаў і святароў, якія называюць сябе “праданымі Ватыканам”, арцыбіскуп Святаслаў заклікае сваю паству “не драматызаваць гэтую дэкларацыю і не перабольшваць яе значэнне для царкоўнага жыцця”.

Украінскі біскуп: Мы ўпершыню пачулі, што каталікі – браты праваслаўных

ukr biskup
Біскуп каталіцкай ўкраінскай Харкаўска-Запарожскай дыяцэзіі Станіслаў Широкарадзюк шкадуе аб тым, што сустрэча іерархаў абмежавалася толькі сацыяльна-палітычнай праблематыкай, і што вернікі абедзвюх канфесіяў, у першую чаргу, праваслаўнай, не змаглі пачуць адказаў на пытанні – ці дазваляецца праваслаўным уваходзіць у каталіцкі храм, ці дазволена маліцца разам з каталікамі.

Па словах біскупа Широкарадзюка, менавіта гэтыя два пытанні стаяць сёння асабліва востра, бо “Маскоўскі Патрыярхат заўсёды так адасобліваўся, што яны не могуць маліцца з намі, яны не могуць мець зносіны з намі, сваім вернікам забараняюць пад цяжкім грахом ўваходзіць у рыма-каталіцкі храм”, паведамляе kmc.in.ua.

Гаворачы аб выніках палітычнай сустрэчы іерархаў і настойваючы на тым, што яна была менавіта палітычнай, іерарх выказвае надзею, што людзі, ваюючыя ў Сірыі і на Данбасе, прыслухаюцца да словаў дэкларацыі, падпісанай іерархамі, – “хоць надзеі на гэта вельмі мала”. І другое, што абарона хрысціянаў, звычайна ў Сірыі і ў іншых кутках свету, гэта вельмі важна.

“Усё ж яны сустрэліся, яны абняліся, яны пацалавалі адзін аднаго, – падкрэслівае біскуп. – І адзін і другі сказаў, што гэта была братэрская сустрэча. Менавіта гэтага нам не хапала: пачуць, што гэта братэрская сустрэча”.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі