Кіраўнік аддзела знешніх сувязяў РПЦ: Дэкларацыя дастаткова моцная, каб ацверазіць палітыкаў

Іларыён
Кіраўнік аддзела знешніх сувязяў Маскоўскага Патрыярхата Мітрапаліт Валакаламскі Іларыён, аддаючы належнае значнасці кожнага з пунктаў дэкларацыі, падпісанай 12 лютага Папам Францішкам і Патрыярхам Маскоўскім і ўсяе Русі Кірылам, настойвае на тым, што не менш важны і сам факт сустрэчы: “Нават калі б не было сумеснай дэкларацыі, факт, што яны сустрэліся, стаў бы крокам наперад”.

Тлумачачы, чаму месцам сустрэчы была абраная менавіта Куба, мітрапаліт Іларыён кажа, што гэтая ідэя належала Патрыярху, які хацеў, каб сустрэча не была абцяжараная памяццю пра канфлікты паміж праваслаўнымі і каталікамі, якія адбываліся напрацягу стагоддзяў у Еўропе. “Важна было выйсці з гэтага кантэксту, паглядзець на ўзаемаадносіны паміж двума традыцыямі больш шырока і казаць не столькі пра мінулае, колькі аб сучаснасці і будучыні”, – тлумачыць іерарх, паведамляе партал “Правмир”.

Нягледзячы на заяву прадстаяцеляў Цэркваў пра тое, што «мы падзяляем агульную духоўную Традыцыю першага тысячагоддзя хрысціянства”, цэнтральнай тэмай гутаркі стала не багаслоўе, а палітычная сітуацыя ў свеце, што, па словах мітрапаліта Іларыёна, асабліва мудра. Ганенні на хрысціянаў, сітуацыя на Блізкім Усходзе і ў некаторых краінах Паўночнай і Цэнтральнай Афрыкі, дзе хрысціяне падвяргаюцца генацыду з боку тэрарыстаў, сёння з’яўляюцца адной з самых хворых тэмаў. Кажучы пра тое, што “Папа і Патрыярх знайшлі вельмі моцныя словы, каб сказаць пра гэтае”, кіраўнік ведамства РПЦ падкрэслівае, што гэта не проста галаслоўная заява: “Дэкларацыя змяшчае адрасаваны ўсёй міжнароднай супольнасці заклік «да хуткіх дзеянняў для прадухілення далейшага выцяснення хрысціянаў з блізкага Усходу”.

Важна і тое, што Папа і Патрыярх патрабуюць вызвалення мітрапалітаў алепскіх Паўла і Іаана Ібрагіма, захопленых ісламістамі ў красавіку 2013 года.

Мітрапаліт Іларыён угледжвае яшчэ адно сімвалічнае значэнне таго факту, што сустрэча адбылася менавіта на Кубе. У кастрычніку 1962 года Выспа свабоды стала эпіцэнтрам Карыбскага крызісу, у якім счапіліся інтарэсы СССР і ЗША і які ледзь не стаў прычынай новай вайны, аднак “добрая палітычная воля, якая праявілася з абодвух бакоў, дапамагла прадухіліць катастрофу”.

Нешта падобнае адбываецца цяпер з “Сірыйскім крызісам”, калі “гучаць небяспечныя заявы аб гатоўнасці тых ці іншых краінаў да ўдзелу ў наземнай аперацыі ў гэтай краіне. Ствараюцца антытэрарыстычныя кааліцыі, якія рызыкуюць увайсці ў прамыя баявыя сутыкненні адна з другой. Гэта пачатак поўнамаштабных ваенных дзеянняў ўжо не супраць тэрарыстаў, а адзін супраць аднаго. Адсюль – адзін крок да трэцяй сусветнай вайны”, – настойвае дыпламат РПЦ.

«Мы звяртаемся да ўсіх бакоў, якія могуць апынуцца ўцягнутымі ў канфлікты, з гарачым заклікам праявіць добрую волю і сесці за стол перамоваў”, – гэтыя словы, на думку мітрапаліта Іларыёна, досыць моцныя, каб “ацверазіць палітыкаў, астудзіць гарачыя галовы”.

“Для таго, каб перамагчы тэрарызм, ня трэба некалькіх кааліцыяў. Патрэбна адна – тая, якая аб’яднала б усіх людзей добрай волі. Яна павінна ўключаць не толькі палітыкаў, але і рэлігійных лідараў”, – у гэтых словах, падкрэслівае іерарх, і заключаны выхад для ваюючага чалавецтва.

Гаворачы аб пунктах 25 і 26 дэкларацыі, у якіх, па сутнасці, замацаванае прызнанне Маскоўскім Патрыярхатам права грэка-каталіцкіх супольнасцяў на прававое існаванне, мітрапаліт Іларыён удакладняе, што ацэнка РПЦ дзеянняў Грэка-Каталіцкай Царквы непахісная нават пасля сустрэчы кіраўнікоў Цэркваў: “Падзеі апошняга часу ва Украіне сведчаць, што грэка-каталікі занялі вельмі агрэсіўную і вельмі палітызаваную пазіцыю”.

Таксама мітрапаліт Іларыён паведамляе, што ў гутарцы з Патрыярхам Папа Францішак падкрэсліў, што лічыць менавіта Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі кананічным кіраўніком усіх праваслаўных вернікаў Украіны.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі