Папа Францішак: Наша дэкларацыя – не палітычны дакумент, а пастырскі зварот

Папа і Кірыл
Папа Францішак, каментуючы сустрэчу з Патрыярхам Кірылам у Гаване, у кароткім звароце да журналістаў падчас пералёту з Кубы ў Мексіку 13 лютага, падкрэсліў: “Наша размова з Патрыярхам Кірылам – была размовай паміж братамі”.

Папа падзяліўся, што падчас размовы закраналіся пытанні, якія турбавалі іх абодвух: “Я адчуваў, што знаходжуся перад братам, і ён казаў мне тое ж. Два біскупы размаўлялі пра сітуацыю сваіх Цэркваў, а затым пра сітуацыю ў свеце, пра войны, якія сёння рызыкуюць перастаць быць “фрагментарнымі” і ахапіць усё; аб праваслаўі, маючым адбыцца Усеправаслаўным Саборы. Кажу шчыра, – запэўніў Папа, – я адчуў вялікую ўнутраную радасць, якая сапраўды была ад Госпада”, – перадае Радыё Ватыкана.

Пантыфік падкрэсліў, што сустрэча адбывалася ў свабоднай і радаснай атмасферы, а падчас яе абмяркоўваліся таксама некаторыя сумесныя праекты. “Аднойчы я казаў, што калі адзінства будуецца праз адукацыю, вывучэнне тэалогіі і гэтак далей, то калі прыйдзе Гасподзь, мы ўсё яшчэ будзем яго будаваць. Адзінства будуецца на шляху, калі мы крочым па ім. Няхай Гасподзь, калі прыйдзе, прынамсі ўбачыць, што мы крочым”, – сказаў Папа.

Каментуючы дэкларацыю, падпісаную сумесна з Патрыярхам Кірылам, Папа Францішак падкрэсліў, што будзе шмат інтэрпрытацыяў гэтага дакументу. “Але гэта не палітычная ці сацыялагічная дэкларацыя: гэта пастырскі зварот, нават калі ў ім гаворыцца пра секулярызм і такія ясныя рэчы, як біягенетычныя маніпуляцыі і іншыя падобныя справы. Дэкларацыя – пастырская: двух біскупаў, якія сустрэліся са сваімі пастырскімі клопатамі”, – дадаў ён.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі