Кіеўскі Патрыярхат: Гаванская Дэкларацыя прасякнутая духам горшых узораў свецкай дыпламатыі

Філарэт Кіеў
Украінская Праваслаўная Царква Кіеўскага Патрыярхата 15 лютага апублікавала афіцыйную заяву, у якой гаворыцца пра «расчараванне асобнымі пунктамі сумеснай Дэкларацыі кіраўнікоў Каталіцкай Царквы і Маскоўскага Патрыярхата”, падпісанай 12 лютага ў Гаване.

Гаворка ідзе аб пунктах 25, 26 і 27, з крытычнымі ацэнкамі якіх ужо выступіў шэраг іерархаў, святароў і свецкіх Грэка-Каталіцкай і Рыма-Каталіцкай Цэркваў, а таксама свецкіх аглядальнікаў і прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці. Кажучы аб згодзе з гэтымі ацэнкамі, Кіеўскі Патрыярхат заяўляе, што «вышэйназваныя пункты Дэкларацыі прасякнутыя духам горшых узораў свецкай дыпламатыі», паведамляе cerkva.info.

Пункты, у якіх гаворыцца пра міжканфесійную і палітычную сітуацыю ва Украіне, па словах іерархаў УПЦ КП, «поўныя двухсэнсоўных намёкаў, неаб’ектыўных ацэнак і беспадстаўных сцверджанняў».

Іерархі УПЦ КП перакананыя: «лепш бы наогул не кранаць заключаныя ў пунктах 25-27 тэмы, чым асвятляць іх у такой форме».

Абразлівым названы і сам факт таго, што пазіцыя па Украіне і украінскіх царкоўных і грамадскіх справах была выпрацаваная без удзелу прадстаўнікоў Украіны, іншымі словамі, «ігнаруючы іх меркаванне і пазіцыю».

«Пытанне аб Украінскай Грэка-Каталіцкай Царквы (п. 25) не ўлічвае меркаванне і пазіцыю гэтай Царквы. Ацэнкі «канфлікту ва Украіне» (п. 26) цалкам ігнаруюць яго галоўную прычыну – расійскую ўзброеную, палітычную, эканамічную і інфармацыйную агрэсію супраць Украіны, парушэнне Расіяй міжнародных пагадненняў і нормаў міжнароднага права, акупацыю Расійскай Федэрацыяй Крыма і часткі Данбаса. Ацэнка сітуацыі ў Праваслаўнай Царквы ва Украіне (п. 27) ігнаруе той факт, што прычынай яе падзелу з’яўляецца парушэнне канонаў менавіта Маскоўскім Патрыярхатам», – гаворыцца ў заяве кіраўнікоў Кіеўскага Патрыярхата.

«Мы ўдзячныя Каталіцкім цэрквам Украіны ўсходняга і лацінскага абрадаў, якія добра разумеюць, хто і навошта падзяліў і далей дзеліць Праваслаўную Царкву ва Украіне. Спадзяемся, што з часам такі жа ўзровень разумення будзе дасягнуты і прафесійнымі амабасадарамі і экуменістамі Ватыканскай курыі. І, калі ў Ватыкане не на словах, а на справе зацікаўлены дапамагчы яднанню Праваслаўнай Царквы ва Украіне – мы заўсёды адкрытыя да супрацоўніцтва», – робяць выснову іерархі УПЦ КП, падкрэсліваючы, што «Царква ва Украіне павінная быць не аб’ектам палітыкі і дамоўленасцяў замежных рэлігійных цэнтраў, а паўнавартасным і раўнапраўным суб’ектам адносінаў паміж Цэрквамі і экуменічнага супрацоўніцтва».

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі